Якава 5 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Паслухайце цяпер вы, багатыя! Галасіце і плачце дзеля няшчасьцяў вашых, якія прыходзяць!
 

Багацьце вашае згніло, і шаты вашыя моль стачыла.
 

Золата вашае і срэбра паржавела, і іржа іхняя сьведчыць супраць вас і зьесьць цела вашае, як агонь. Вы сабралі сабе скарб на апошнія дні.
 

Вось плата, якой вы пазбавілі работнікаў, што пажалі палі вашыя, кліча, і лямант жняцоў дайшоў да вушэй Госпада Магуцьцяў.
 

Вы мелі раскошу на зямлі і жылі ў распусьце; вы насыцілі сэрцы вашыя, быццам на дзень, калі будзеце на зарэз.
 

Вы асудзілі, забілі Праведнага; Ён не супрацьстаў вам.
 

Дык будзьце доўгацярплівымі, браты, да прыйсьця Госпада. Вось, земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі, і дзеля яго доўгацярплівы, аж пакуль атрымае дождж раньні і позьні.
 

Будзьце доўгацярплівымі і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прыйсьце Госпада набліжаецца.
 

Не наракайце, браты мае, адзін на аднаго, каб ня быць асуджанымі. Вось, Судзьдзя стаіць перад дзьвярыма.
 

За прыклад злыбедаў і доўгацярплівасьці вазьміце, браты мае, прарокаў, якія гаварылі ў імя Госпада.
 

Вось, мы шчасьлівымі называем тых, якія вытрывалі. Вы чулі пра цярплівасьць Ёва і ведаеце канец [яго] ад Госпада, бо Госпад вельмі спагадлівы і міласэрны.
 

Дык перш за ўсё, браты мае, не прысягайцеся ані небам, ані зямлёю, ані якою другою прысягаю, але няхай будзе ў вас «Так, так» і «Не, не», каб вам не патрапіць пад суд.
 

Мае злыбеды нехта з вас? Няхай моліцца. Бадзёры хто? Няхай псальмы сьпявае.
 

Захварэў хто з вас? Няхай пакліча старостаў царквы, і няхай тыя памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Госпада,
 

і малітва веры збавіць нямоглага, і Госпад падыме яго; і калі ён грахі ўчыніў, будзе адпушчана яму.
 

Вызнавайце адзін аднаму грахі і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі. Шмат можа настойлівая просьба праведніка!
 

Ільля быў чалавек, падобны да нас, і малітваю памаліўся, каб не ішоў дождж, і не ішоў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў.
 

І ізноў памаліўся, і неба дало дождж, і зямля ўзрасьціла плод свой.
 

Браты, калі хто з вас ухіліўся ад праўды, і нехта наверне яго,
 

няхай ведае, што той, які навярнуў грэшніка з памылковага шляху ягонага, збавіць душу [ягоную] ад сьмерці і прыкрые мноства грахоў.