1 летапісаў 15 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Таксама пабудаваў ён сабе дамы ў горадзе Давіда і прыгатаваў месца для каўчэга Божага, і зрабіў для яго палатку.
Затым сказаў Давід: «Нельга, каб хтосьці нёс каўчэг Божы, апрача левітаў, якіх выбраў Госпад, каб насіць яго і паслугаваць каля яго навек».
Дык сабраў Давід увесь Ізраэль у Ерузаліме, каб занесці каўчэг Госпада на сваё месца, якое прыгатаваў для яго;
а таксама паклікаў сыноў Аарона і левітаў.
З сыноў Кагата быў кіраўнік Урыэль і яго браты — сто дваццаць;
з сыноў Мэрары: кіраўнік Асая ды браты яго — дзвесце дваццаць;
з сыноў Гэрсона: кіраўнік Ёэль і браты яго — сто трыццаць;
з сыноў Элісафана: кіраўнік Сямэя ды браты яго — дзвесце;
з сыноў Геброна: кіраўнік Эліэль ды браты яго — восемдзесят;
з сыноў Азіэля: кіраўнік Амінадаб ды браты яго — сто дванаццаць.
І паклікаў Давід святароў: Садока і Абіятара, і левітаў: Урыэля, Асаю, Ёэля, Сямэю, Эліэля і Амінадаба,
і сказаў ім: «Вы з’яўляецеся кіраўнікамі родаў левітаў, ачысціцеся вы і браты вашы ды перанясіце каўчэг Госпада, Бога Ізраэля, на месца, якое я прыгатаваў.
Бо раней не было вас і ўчыніў Госпад, Бог Ізраэля, разбіццё сярод нас, бо мы не пыталі ў Яго, як належала».
Такім чынам, святары і левіты ачысціліся, каб несці каўчэг Госпада, Бога Ізраэля;
сыны Леві неслі каўчэг Госпада, Бога Ізраэля, па загадзе Майсея паводле слова Госпадава: на плячах сваіх на жэрдках.
І загадаў Давід кіраўнікам левітаў, каб выбралі з братоў сваіх спевакоў пры музычных інструментах, гэта значыць пры арфах, і лірах, і цымбалах, каб моцна гучаў голас радасці.
Дык паставілі левіты прыдзвернымі: Гемана, сына Ёэля, і братоў яго, Асафа, сына Барахіі, а з сыноў Мэрары братоў яго: Этана, сына Касаі,
і з імі братоў іх другой ступені: Захарыю, і Бані, і Язіэля, і Сэмірамота, і Ягіэля, і Ані, Эліяба, і Банаю, Маасію і Матацію, і Эліфала, і Мацэнію, і Абэдэдома, і Егіэля.
Потым спевакоў: Гемана, Асафа і Этана, якія гралі добра на медных цымбалах.
Захарыя ж і Азіэль, і Сэмірамот, і Ягіэль, і Ані, і Эліяб, і Маасія, і Баная гралі на цытрах высокім тонам «дзяўчыны».
Затым Матація, і Эліфал, і Мацэнія, і Абэдэдом, і Егіэль, і Азазія гралі на цытрах, дамінавалі ў актаве;
Хананія ж, кіраўнік левітаў, якія неслі каўчэг, стаяў на чале шэсця, бо быў вельмі мудры.
І Барахія, і Элькана былі прыдзвернымі пры каўчэгу.
Далей Сэбанія, і Язафат, і Натанаэль, і Амасай, і Захарыя, і Баная, і Эліязэр — святары — трубілі ў трубы перад каўчэгам Божым, а Абэдэдом і Егія былі прыдзвернымі пры каўчэгу.
Дык Давід і старэйшыя Ізраэля, і трыбуны з вялікай радасцю пайшлі, каб перанесці каўчэг запавету Госпада з дому Абэдэдома.
І калі Бог дапамагаў левітам, якія неслі каўчэг запавету Госпадавага, то былі ахвяраваны сем быкоў і сем бараноў.
А Давід быў апрануты ў плашч з вісону, ды падобна ўсе левіты, якія неслі каўчэг, і спевакі, і Хананія, кіраўнік тых, хто нёс каўчэг, — прытым Давід быў апрануты таксама ў ільняны эфод —
і ўвесь Ізраэль праводзіў каўчэг запавету Госпадава з радаснымі воклічамі, і пад гукі рога, і пад моцныя гукі труб, пры цымбалах, лірах ды цытрах.
І калі каўчэг запавету Госпадавага прыбыў у горад Давідаў, Міхол — дачка Саўла, гледзячы праз акно, убачыла цара Давіда, які скакаў і весяліўся, і пагардзіла ім у сваім сэрцы.