Псалтыр 17 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Маленне Давіда. Выслухай, Госпадзе, апраўданне маё, зваж на маленне маё. Прыхілі вуха Тваё да малітвы маёй з вуснаў неліслівых.
Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае хай убачаць, што справядліва.
Выпрабуй сэрца маё і наведай ноччу [мяне]; агнём паспытай мяне, — і не знойдзеш беззаконня ўва мне.
Не прыляпляюцца вусны мае да спраў чалавечых, паводле слоў вуснаў Тваіх я захаваў сябе ад шляхоў гвалтаўніка.
Утрымай крокі мае на сцяжынах Тваіх, каб не хісталіся стопы мае.
Да Цябе клічу, бо Ты, Божа, выслухоўваеш мяне; нахілі да мяне вуха Тваё і выслухай словы мае.
З’яві цудоўна міласэрнасць Тваю, Ты, Які ратуеш ад ворагаў тых, што на правіцу Тваю спадзяюцца.
Сцеражы мяне, як зрэнку вока, у засені крылаў Тваіх захавай мяне
ад аблічча нягоднікаў, якія ўціскаюць мяне. Ворагі мае ў лютасці акружылі мяне,
замкнулі [сэрцы] у тлустасці сваёй; вусны іх прамаўляюць напышліва.
Наступаючы цяпер, яны акружылі мяне, вочы свае ўтаропілі, каб паваліць на зямлю мяне,
выгляд іх — быццам у льва, які гатовы да ловаў, і быццам у львяняці, які сядзіць у засадзе.
Устань, Госпадзе, апярэдзь іх, перапыні іх, выратуй душу маю ад рук нягодніка мечам Тваім,
ад [людзей] смяротных рукой Тваёй, Госпадзе; ад [людзей] смяротных, доля жыцця якіх змарнела. Са сховішчаў Тваіх напаўняеш жывот іх, насычаюцца сыны і пакідаюць рэшткі дзецям сваім.
А я ў справядлівасці буду бачыць твар Твой, калі абуджуся ад сну, насычуся абліччам Тваім.