Псалтыр 48 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Песня. Псальм. Сыноў Корэ.
 

Вялікі Госпад і праслаўлены вельмі ў горадзе нашага Бога.
 

Святая гара Яго, прыгожы ўзгорак — радасць усёй зямлі. Гара Сіён, скрай поўначы, горад вялікага Валадара.
 

Бог у дамах яго вядомы зрабіўся як прыстанішча.
 

Бо сышліся цары, сабраліся, як адзін.
 

Калі ж самі ўбачылі, так здзівіліся, што стрывожыліся і ўцяклі.
 

Страх напаў там на іх і боль, быццам у парадзіхі.
 

Ветрам усходнім скрышыў Ты караблі Тарсіскія.
 

Так, як мы спачулі, так і пабачылі ў горадзе Бога Магуццяў, у горадзе нашага Бога, Бог заснаваў яго навек.
 

Мы разважаем, Божа, пра Тваю міласэрнасць пасярод святыні Тваёй.
 

Як імя Тваё, Божа, так і хвала Твая — да ўскрайкаў зямлі. Правіца Твая поўная справядлівасці.
 

Хай весяліцца гара Сіён, хай радуюцца дочкі Юды з прычыны Тваіх судоў.
 

Абыдзіце Сіён наўкола і абдыміце яго, палічыце яго вежы.
 

Адчуйце сэрцам вашым магуцце яго і прабяжыцеся ўздоўж дамоў яго, каб расказаць іншаму пакаленню.
 

Бо гэта і ёсць Бог, Бог наш навечна і на векі вечныя; Ён павядзе нас праз вякі.