Псалтыр 96 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Спявайце Госпаду новую песню, спявай Госпаду, уся зямля.
 

Спявайце Госпаду, дабраслаўляйце імя Яго, абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне.
 

Абвяшчайце між паганамі хвалу Яго, сярод усіх народаў — цуды Яго.
 

Бо вялікі ёсць Госпад, і годны хвалы бязмежнай, варты ўшанавання больш за ўсіх багоў.
 

Бо ўсе паганскія багі — марнасць, Госпад жа стварыў нябёсы.
 

Велічнасць і прыгажосць перад абліччам Яго, магутнасць і аздоба — у свяцілішчы Яго.
 

Прыносьце Госпаду, сем’і народаў, прыносьце Госпаду хвалу і магутнасць,
 

Прыносьце Госпаду хвалу імя Яго. Прыносьце ахвяры і ўваходзьце ў дзядзінец Яго.
 

Пакланіцеся Госпаду са святой урачыстасцю. Трымці перад абліччам Яго, уся зямля.
 

Кажыце сярод народаў: Госпад заваладарыў, бо Ён выправіў сусвет, які не пахіснецца; будзе судзіць Ён народы па справядлівасці.
 

Хай весяляцца нябёсы і радуецца зямля, хай шуміць мора і ўсё, што яго запаўняе.
 

Хай цешацца палі і ўсё, што на іх. Тады ўзрадуюцца ўсе лясныя дрэвы,
 

перад абліччам Госпада, бо Ён прыходзіць, бо Ён прыходзіць судзіць зямлю. Будзе Ён судзіць сусвет справядліва і народы паводле Сваёй праўды.