Выхад 8 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Тады сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: “Гэта кажа Госпад: “Адпусці народ Мой, каб ён учыніў Мне ахвярапрынашэнне.
 

А калі не захочаш адпусціць, тады Я пакараю ўсю зямлю тваю жабамі.
 

І запоўніцца рака жабамі, якія выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю на ложак твой, і на коўдру тваю, і ў дамы паслугачоў тваіх, і ў народ твой, і ў печы твае, і ў пякарні твае;
 

і да цябе, і да народа твайго, і да ўсіх паслугачоў тваіх увойдуць жабы”».
 

сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: “Працягні руку сваю з кіем сваім на рэкі, на ручаі і багны і ўвядзі жаб у зямлю Егіпецкую”».
 

І Аарон працягнуў руку сваю на воды Егіпта, і выпаўзлі жабы, і пакрылі зямлю Егіпецкую.
 

Але чараўнікі зрабілі падобнае сваімі заклінаннямі, і прывялі жаб на зямлю Егіпецкую.
 

Паклікаў тады фараон Майсея і Аарона і сказаў: «Прасіце Госпада, каб прыняў жаб ад мяне і ад народа майго, тады адпушчу народ, каб учыніў ён ахвярапрынашэнне Госпаду».
 

І сказаў Майсей фараону: «Прызнач мне, калі прасіць за цябе, і за паслугачоў тваіх, і за народ твой, каб былі выгнаны жабы ад цябе і ад дому твайго, і каб засталіся яны толькі ў рацэ».
 

Ён адказаў: «Заўтра». А Майсей сказаў: «Згодна са словам тваім, зраблю, каб ведаў ты, што няма нікога, акрамя Госпада, Бога нашага.
 

І адступяцца жабы ад цябе, і ад дому твайго, і ад паслугачоў тваіх, і ад народа твайго, і застануцца яны толькі ў рацэ».
 

І выйшлі Майсей і Аарон ад фараона; і Майсей заклікаў да Госпада аб абяцанні адносна жаб, як дамовіўся з фараонам.
 

І Госпад зрабіў па слове Майсея, і памерлі жабы ў дамах, і ў паселішчах, і ў палях;
 

і сабралі іх у вялізныя кучы, і зямля засмярдзела.
 

А фараон, заўважаючы, што настаў супакой, зрабіў цвёрдым сэрца сваё, і не паслухаў ён іх, як прадказваў Госпад.
 

І сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: “Выцягні кій свой і ўдар у пыл зямлі, і хай будуць скініфы на ўсёй зямлі Егіпецкай”».
 

І зрабілі так; і выцягнуў Аарон руку, трымаючы кій, і ўдарыў у пыл зямлі. І з’явіліся скініфы на людзях і на жывёле; увесь пыл зямлі ператварыўся ў скініфаў па ўсёй зямлі Егіпецкай.
 

І падобнае рабілі чараўнікі сваімі заклінаннямі, каб выклікаць скініфаў; і не змаглі. І былі скініфы на людзях і на жывёле;
 

і чараўнікі сказалі фараону: «Гэта палец Божы». Але сэрца фараона зацвярдзела, і не паслухаў ён іх, як прадказаў Госпад.
 

Зноў сказаў Госпад Майсею: «Устань на золку і стань перад фараонам. Бо выйдзе ён да вады, і скажы яму: “Гэта кажа Госпад: “Адпусці народ Мой, каб Мне ўчыніў ён ахвярапрынашэнне.
 

Бо калі не адпусціш яго, то Я пашлю на цябе, і на паслугачоў тваіх, і на народ твой, і на дамы твае ўвесь мушыны род. І запоўняцца мухамі дамы егіпцян, і нават зямля, на якой яны жывуць.
 

І аддзялю ў той дзень зямлю Гашэн, на якой знаходзіцца народ Мой, каб там не было мух, бо так ты і даведаешся, што Я — Госпад сярод зямлі;
 

і Я ўчыню рознае паміж Маім народам і тваім народам; заўтра будзе гэты знак”».
 

І Госпад учыніў гэтак; і наляцела найвялікшае мноства мух у дамы фараона і паслугачоў яго, і на ўсю Егіпецкую зямлю, і прападала зямля ад такога мноства мух.
 

І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, учыніце ахвярапрынашэнне Богу вашаму на зямлі».
 

Але Майсей сказаў: «Немагчыма гэтаму здарыцца, бо мы прынясём у ахвяру Госпаду, Богу нашаму, агіднасці для егіпцян; бо калі мы прынясём у ахвяру тое, што шануюць егіпцяне, у прысутнасці іх, яны закідаюць нас камянямі.
 

Мы пойдзем у пустыню на тры дні дарогі і ўчынім ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу нашаму, як Ён загадаў нам».
 

І фараон сказаў: «Адпушчу я вас, каб учынілі вы ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу вашаму, у пустыню, аднак, далёка не адыходзьце; маліцеся за мяне».
 

І сказаў Майсей: «Выйшаўшы ад цябе, буду маліць Госпада, і заўтра адступяцца мухі ад фараона, і ад паслугачоў яго, і ад народа яго; аднак не падманвай больш у тым, што не адпускаеш народ учыніць ахвярапрынашэнне Госпаду».
 

І, выйшаўшы ад фараона, Майсей маліў Госпада;
 

Ён зрабіў згодна слову яго і прыняў мух ад фараона, і ад паслугачоў яго, і ад народа яго; і не засталося з іх аніводнай.
 

Але зацвярдзела сэрца фараона, так што не адпусціў ён народ і ў гэты раз.