Выслоўяў Саламонавых 10 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Прыпавесці Саламонавы. Мудры сын — радасць бацьку, а бязглузды сын — гора для маці сваёй.
Ніяк не дапамогуць бязбожныя скарбы, а справядлівасць душу выратуе ад смерці.
Не пашкодзіць Госпад голадам справядліваму, а хцівасць бязбожнікаў знішчыць.
Лянівая рука ўтварае беднасць, а рука працавітых падрыхтоўвае багацце.
Той сын мудры, хто збірае ў жніво, а хто храпе ўлетку — сын шалапутны.
Дабраславенні Госпадавы — на галаве справядлівага, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць.
Памяць справядлівага будзе ў дабраславенні, а імя бязбожнікаў сатлее.
Мудры сэрцам прымае пастановы, а бязглузды загіне праз вусны.
Хто ходзіць прама, той ходзіць вечна; а хто крывіць дарогі свае, будзе выкрыты.
Хто міргае вокам, той прынясе боль, а бязглузды вуснамі загубіць.
Вусны справядлівага — крыніца жыцця, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць.
Нянавісць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе грахі.
У вуснах мудрага знаходзіцца мудрасць, а розгі — на спіне таго, хто не мае сэрца.
Мудрыя зберагаюць веды, а вусны бязглуздага — блізкія да пагібелі.
Маёмасць багатага — горад крэпасці яго; пагібель бедных — беднасць іх.
Праца справядлівага — на жыццё, а плады бязбожніка — на грэх.
Хто беражэ настаўленне — ідзе да жыцця, а хто адхіляе папрокі — блукае.
Ілжывыя вусны хаваюць нянавісць, а хто зневажае — той неразумны.
У шматслоўнасці не будзе недахопу ў грахах, а той, хто ўтрымлівае вусны свае, — самы разважлівы.
Мова справядлівага — адборнае срэбра; сэрца ж бязбожнікаў — нічога не вартае.
Вусны справядлівага павучаюць вельмі многіх; а той, хто бязглузды, памрэ ад беднасці сэрца.
Дабраславенне Госпада робіць людзей багатымі; і не будзе дабаўлена ім ніякага цяжару.
Быццам жартам бязглузды робіць злачынства, а мудрасць — для чалавека разважлівага.
Чаго баіцца грэшнік, тое і прыйдзе да яго, а жаданне справядлівага здзейсніцца.
Як праносіцца віхура — так знікне бязбожнік, а справядлівы — як вечны падмурак.
Як укус для зубоў і дым для вачэй, так і гультай для тых, што яго паслалі.
Страх Госпадаў дні памножыць, а гады бязбожнікаў скарацяцца.
Чаканне справядлівых — радасць, а надзея бязбожнікаў загіне.
Шлях Госпадаў — цвярдыня для чыстых сэрцам і пагібель для тых, хто робіць ліха.
Справядлівы не пахіснецца да веку, а грэшнікі не выжывуць на зямлі.
Вусны справядлівага спараджаюць мудрасць, язык крывадушны будзе вырваны.
Вусны справядлівага бачаць прыемнае, а вусны бязбожнікаў — дрэннае.