Выслоўяў Саламонавых 12 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Хто любіць настаўленне — любіць веды; а хто ненавідзіць папрокі, той неразумны.
 

Хто добры — знойдзе ласку ад Госпада; а чалавека хітрага Сам Ён асудзіць.
 

Не ўзмацніцца чалавек з бязбожнасці, а корань справядлівых не пахіснецца.
 

Дабрадзейная жонка — вянец для свайго мужа; і быццам гніенне ў касцях яго — тая, што несумленная.
 

Думкі справядлівых — разважлівасць; а парады бязбожнікаў — мана.
 

Словы бязбожнікаў учыняюць засаду дзеля забойства, а вусны справядлівых вызваляюць іх.
 

Знішчаюцца бязбожнікі — і ўжо няма іх, а дом справядлівых застанецца.
 

Пахваляць чалавека за яго веды; а той, хто дрэнны ў сэрцы, будзе занядбаны.
 

Лепей быць бедным, але працаваць на сябе, чым фанабэрыстым і не мець хлеба.
 

Справядлівы рупіцца аб жыцці жывёлы сваёй; а нутро бязбожнікаў — лютае.
 

Хто сваю зямлю апрацоўвае — насыціцца хлебам, а хто ганяецца за прывідамі — неразумны.
 

Бязбожнік жадае пасткі найгоршых, а корань справядлівых палепшыцца.
 

Ліхі чалавек трапляе ў пастку з-за грахоў сваіх вуснаў, а справядлівы пазбегне няшчасця.
 

З плода вуснаў сваіх кожны напоўніцца дабром, і паводле ўчынкаў рук яго адплоціцца яму.
 

Шлях бязглуздага — роўны ў вачах яго, а хто мудры — слухае парады.
 

Неразумны адразу выяўляе гнеў свой, а разумны ўтойвае гнеў.
 

Хто гаворыць праўду, той — вяшчун справядлівасці, а лжэсведка — маны.
 

Ёсць той, што гаворыць неабдумана, і ён, быццам мечам, ударае, а язык мудрых — здароўе.
 

Вусны праўды будуць трывалымі ў вечнасці, а язык хлуслівы — у моманце.
 

Хітрасць у сэрцы тых, хто задумвае ліха; а хто абдумвае мірныя парады, за тымі следам ідзе радасць.
 

Ніякая загуба не здарыцца са справядлівымі, а бязбожнікі напоўняцца ліхам.
 

Агіднасць для Госпада — вусны лжывыя, а тыя, што робяць сумленна, — падабаюцца Яму.
 

Разумны чалавек свае веды хавае, а сэрца неразумных падбухторвае да бязглуздасці.
 

Рука моцных будзе ўладарыць, а тая, што апусцілася, будзе ў паслушэнстве.
 

Сум у сэрцы чалавека будзе прыгнятаць яго, а развесяліць яго добрая размова.
 

Справядлівы вядзе сябра да праўды, а шлях бязбожнікаў падмане іх.
 

Не засмажыць лянота здабычу сваю, а ў чалавека руплівага будзе каштоўная маёмасць.
 

На сцежцы справядлівасці — жыццё, але ёсць таксама шлях, што адкрыты для смерці.