Выслоўяў Саламонавых 14 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Мудрая жонка будуе дом свой, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.
 

Таго, хто ідзе вернай дарогай, адцураецца той, хто ідзе ганебным шляхам.
 

У вуснах бязглуздага — дубец пыхлівасці, а вусны мудрых берагуць іх.
 

Дзе няма быкоў, там стойла пустое; і шмат выгод — у моцы быка.
 

Праўдзівы сведка не лжэ, а хітры сведка пашырае хлусню.
 

Насмешнік шукае мудрасці і не знаходзіць, а для разважлівых веды даступныя.
 

Ад бязглуздага чалавека адыдзі, бо не знойдзеш вуснаў разважлівых.
 

Мудрасць разумнага — пазнанне свайго шляху, а неразумнасць бязглуздых — блуканне.
 

Бязглуздыя не звяртаюць увагі на грэх, а сярод справядлівых застанецца ласка.
 

Сэрца ведае гаркоту душы сваёй, і ў радасць яго не ўмяшаецца чужы.
 

Дом бязбожнікаў разваліцца, а хорамы справядлівых будуць расці.
 

Ёсць дарога, што здаецца чалавеку справядлівай, але ўрэшце рэшт вядзе яна да смерці.
 

Сэрца змешваецца з сумам нават у час смеху, а смутак захоплівае канец радасці.
 

Шляхамі сваімі будзе задаволены бязглузды, а чалавек добры будзе вышэй за іх.
 

Легкаверны верыць кожнаму слову, а разважлівы абдумвае крокі свае.
 

Мудры баіцца і пазбягае зла, а бязглузды злоўжывае і разлічвае на сябе.
 

Нецярплівы зробіць бязглуздасць, а чалавек хітры — нявідны.
 

Легкаверныя авалодваюцца бязглуздасцю, а разважлівыя вызначаюцца ведамі.
 

Ліхія схіляюцца перад добрымі, а бязбожнікі — перад дзвярамі справядлівых.
 

Бедны будзе нявідны нават для свайго самага блізкага, а ў багатых — шмат сяброў.
 

Хто адцураецца блізкага свайго — грашыць, а хто шкадуе бедных — шчасны.
 

Ці не блукаюць тыя, што чыняць ліха? Міласэрнасць і праўда — для тых, хто робіць дабро.
 

Ва ўсялякай працы будзе прыбытак, а слова вуснаў накіроўвае толькі да беднасці.
 

Вянок мудрых — іх багацце, а неразумнасць бязглуздых — глупства.
 

Верны сведка вызваляе душы, а крывадушнік — пашырае хлусню.
 

У шанаванні Госпада — цвёрдая ўпэўненасць, і сынам Яго будзе надзея.
 

Шанаванне Госпада — крыніца жыцця, што ўхіляецца ад путаў смерці.
 

У мностве народа — годнасць цара, у невялікай колькасці народа — пагібель валадара.
 

Хто цярплівы, тым кіруе вялікая разважлівасць; хто нецярплівы — павялічвае бязглуздасць.
 

Жыццё для цела — здароўе сэрца, зайздрасць — гніенне касцей.
 

Хто гоніць беднага — той упікае яго Творцу; шануе Яго той, хто шкадуе бедных.
 

Уласнай сапсаванасцю будзе забіты бязбожнік, а справядлівы спадзяецца на несапсаванасць сваю.
 

У сэрцы разважлівага знаходзіцца мудрасць, а сярод бязглуздых яна знойдзецца?
 

Справядлівасць узвышае народ, а несправядлівасць — грэх народаў.
 

Дапушчаны да цара — разумны слуга, а гнеў выклікае той, хто дзейнічае ганебна.