Выслоўяў Саламонавых 19 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Лепшы бедны, што ходзіць у чыстасардэчнасці сваёй, чым той, хто крывіць вусны, і той, хто неразумны.
Дзе няма ведаў, душы няма дабра, і хто паспешлівы ў нагах — памыляецца.
Бязглуздасць чалавека дае падножку крокам яго, і душою сваёю ён кіпіць супраць Госпада.
Багацце дабаўляе многіх сяброў; а беднага пакідае і сябар яго.
Ілжэсведка не будзе беспакараны, а хто гаворыць ману — не пазбегне [кары].
Многія ліслівяць у прысутнасці магутнага чалавека, і ўсе — сябры таму, хто дае падарункі.
Усе браты беднага чалавека ненавідзяць яго, звыш таго, і сябры далёка адыходзяць ад яго; хто імкнецца толькі да размоў — не будзе мець нічога.
А хто з’яўляецца валадаром разважлівасці — любіць душу сваю, і знойдзе дабро вартаўнік разважлівасці.
Ілжэсведка не будзе беспакараны, а хто гаворыць ману — загіне.
Не ўпрыгожвае бязглуздага раскоша, і не слузе кіраваць кіраўнікамі.
Веды чалавека ўціхамірваюць гнеў яго, а слава яго праходзіць міма несправядлівага.
Як рыканне льва — так гнеў цара, і як раса на траве — так і ласка яго.
Загуба для бацькі — сын бязглузды, а жонка сварлівая — дах, што няспынна працякае.
Дом і багацце — спадчына бацькоў, а жонка разважлівая — ад Госпада.
Лянота агортвае моцным сном, і душа нядбайная галадае.
Хто беражэ настаўленне — беражэ душу сваю, а хто не клапоціцца аб дарозе сваёй — памрэ.
Пазычае Госпаду — хто шкадуе бедных, і ў сваю чаргу вернецца яму.
Карай сына свайго, пакуль ёсць надзея, ды не праймайся крыкам яго.
Хто нецярплівы — вытрымае кару, а калі жадаеш выратаваць яго — іншае дадасі.
Слухайся розуму і прымай настаўленне, каб быць мудрым у канцы жыцця свайго.
Многа намераў у сэрцы чалавека, а ласка Госпада застанецца.
Жаданае ад чалавека — міласэрнасць яго, і бедны чалавек лепшы за лгуна.
Страх Госпадаў вядзе да жыцця, і застанецца чалавек з дастаткам і без з’яўлення ліха.
Гультай хавае руку сваю ў місе і не прысоўвае яе да вуснаў сваіх.
Калі насмешнік збіты, то і просты чалавек паразумнее; а калі ўпікнеш мудраму, ён зразумее настаўленне.
Хто чыніць шкоду бацьку і выганяе маці — сын несумленны і бессаромны.
Знайдзі ўцеху ў тым, сыне, каб атрымліваць веды і не праходзь міма разважных размоў.
Сведка несправядлівы здзекуецца з законнасці, і вусны бязбожнікаў глытаюць несправядлівасць.
Дубцы падрыхтаваны для насмешнікаў, а пабоі — для цел бязглуздых.