Міхея 4 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І будзе ў апошнія дні: гара дома Госпадавага пастаўлена будзе на вяршыні гор і ўздымецца над узгоркамі; і сцякуцца да яе народы.
 

І пойдуць народы многія, і скажуць: «Хадземце, узыдзем на гару Госпада, і да дома Бога Якубава, і будзе Ён вучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па дарогах Яго». Бо з Сіёна выйдзе закон, і слова Госпадава — з Ерузаліма.
 

І будзе Ён судзіць многія народы, і будзе выдаваць прысуды на народы магутныя і далёкія; і перакуюць мечы свае на плугі, і дзіды свае — на сярпы; народ на народ не падыме меча, і не будуць больш вучыцца ваяваць.
 

І кожны будзе сядзець пад сваім вінаградам і пад сваім дрэвам фігавым, і не будзе ніхто страшыць іх; бо гэта сказалі вусны Госпада Магуццяў.
 

Бо хай усе народы ходзяць кожны ў імя бога свайго; а мы будзем хадзіць у імя Госпада, Бога нашага, ў векі вечныя і надалей.
 

«У той дзень, — кажа Госпад, — Я збяру кульгавых, і пазбіраю тых, каго выгнаў, і тых, каго пакараў;
 

і зраблю кульгавых рэштаю, і таго, хто пакутаваў, зраблю народам магутным». І будзе валадарыць над імі Госпад на гары Сіён з гэтага часу і навек.
 

І ты, вежа статка, узгорак дачкі сіёнскай, ранейшая ўлада прыйдзе і вернецца да цябе, царства — да дачкі Ерузаліма.
 

Чаму цяпер крычыш моцным голасам? Ці няма цара ў цябе або загінулі дарадчыкі твае, што ахапіў цябе боль, як у парадзіхі?
 

Цярпі і турбуйся, дачка Сіёна, як парадзіха; бо цяпер выйдзеш з горада, і будзеш жыць у полі, і дойдзеш аж да Бабілона; там будзеш вызвалена, там адкупіць цябе Госпад з рук ворагаў тваіх.
 

Цяпер жа сабралася супраць цябе мноства народаў, якія кажуць: «Хай будзе ён апаганены, і хай нагледзяцца вочы нашы на няшчасце Сіёна!»
 

Але яны не ведаюць намераў Госпада і не разумеюць пастановы Яго, што сабраў Ён іх, як снапы на таку.
 

Устань і малаці, дачка Сіёна! Бо рог твой зраблю з жалеза, і капыты твае зраблю з медзі, і скрышыш ты многія народы, і прысвяціш Госпаду набыткі іх, і багацці іх Госпаду ўсяе зямлі аддасі.