Яна 1 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
 
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.

Яно было на пачатку ў Бога.
 
Яно было на пачатку ў Бога.

Усё праз Яго сталася, і без Яго не сталася нічога з таго, што сталася;
 
Усё праз Яго сталася, і без Яго ня сталася нічога, з таго што сталася.

у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей,
 
У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.

і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.
 
І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.

Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян;
 
Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян.

ён прыйшоў на сведчанне, каб прадставіць сведчанне аб Святле, каб усе паверылі праз яго.
 
Ён прыйшоў на сьведчаньне, каб даць сьведчаньне аб Сьвятле, каб усе верылі праз яго.

Не быў ён святлом, але [прыйшоў,] каб прадставіць сведчанне аб Святле.
 
Ня быў ён Сьвятлом, але каб даць сьведчаньне аб Сьвятле.

Было праўдзівае Святло, Якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у свет.
 
Было праўдзівае Сьвятло, каторае асьвятляе кожнага чалавека, прыходзячага на гэты сьвет.

Яно было ў свеце, і свет праз Яго стаўся, і свет Яго не пазнаў.
 
На сьвеце было, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.

Прыйшло Яно да сваіх, і свае Яго не прынялі.
 
Прыйшло да сваіх, і свае Яго не прынялі.

А тым, якія Яго прынялі, дало магутнасць стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго,
 
А каторыя Яго прынялі, дало ім моц стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго,

якія не з крыві, ані з жадання цела, ані з жадання мужа, але з Бога нарадзіліся.
 
каторыя не з крыві, ані з жаданьня цела, ані з жаданьня мужа, але з Бога нарадзіліся.

І Слова сталася целам, і пасялілася між намі, і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, — поўнае ласкі і праўды.
 
І Слова сталася целам і жыло паміж намі, — і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, — поўнае ласкі і праўды.

Ян дае сведчанне аб Ім і заклікае, кажучы: «Гэта быў Той, пра Якога я сказаў: Які па мне мае прыйсці, перада мною стаў, бо перш за мяне быў».
 
Ян дае сьведчаньне аб Ім і клікае, кажучы: "Гэта Той, пра каторага я казаў: Каторы па мне мае прыйсьці, перада мною стаўся, бо перш за мяне быў".

І з паўнаты Яго ўсе мы ўзялі, і ласку за ласку;
 
І з паўнаты Ягонай усе мы ўзялі, і то ласку за ласкай.

бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
 
Бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста.

Бога ніхто ніколі не бачыў; Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, Ён Сам з’явіў.
 
Бога ніхто ніколі ня бачыў. Адзінародны Сын, Каторы ва ўлоньні Айца, Ён заявіў.

І вось сведчанне Яна, калі юдэі з Ерузаліма паслалі да яго святароў і левітаў, каб у яго спыталіся: «Хто ты?»
 
І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерузаліма паслалі да яго сьвятароў і левітаў, каб у яго спыталіся: "Хто ты?"

І прызнаўся, і не запярэчыў; і прызнаўся: «Я не Хрыстос».
 
І прызнаўся, і не запярэчыў; і вызнаў: "Я не Хрыстос".

Дык пыталіся ў яго: «Дык што? Ты мо Ілля?» І кажа: «Не». «Дык ты прарок?» І адказвае: «Не».
 
Дык пыталіся ў яго: "Дык што? Ты мо Гальяш?" І сказаў: "Не". "Дык ты прарок?" І адказаў: "Не".

Дык сказалі яны яму: «Хто ж ты, каб мы маглі даць адказ тым, што нас паслалі. Што ты кажаш сам пра сябе?»
 
Дык спыталіся яны ў яго: "Дык хто ж ты, каб мы маглі адказаць тым, што нас паслалі. Што можаш сказаць сам пра сябе?"

Ён гаворыць: «Я — голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду”, як сказаў прарок Ісая».
 
Ён сказаў: "Я — голас клікаючага ў пустыні: "Прастуйце дарогу Госпаду", як казаў прарок Ісая".

А пасланцы былі з фарысеяў,
 
А пасланцы былі з фарысэяў;

і сказалі яму: «Чаму тады хрысціш, калі ты не Хрыстос, не Ілля, ані прарок?»
 
дык пыталіся ў яго: "Чаму тады хрысьціш, калі ты не Хрыстос, не Гальяш, ані прарок?"

Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадою; але пасярод вас паўстаў Той, Каго вы не ведаеце,
 
Дык у адказ сказаў ім Ян: "Я хрышчу вадою, але пасярод вас зьявіўся Той, каго вы ня ведаеце.

Які па мне ідзе, але наперадзе мяне быў, Якому я не варты развязаць рамень пасталоў Яго».
 
Гэта Той, што пасьля мяне прыйдзе, якому я ня варты развязаць рамень сандалаў Яго".

Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысціў.
 
Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысьціў.

Назаўтра ўбачыў Ян Ісуса, што ішоў да яго, і гаворыць: «Вось, Ягня Божае, Той, Хто бярэ на Сябе грэх свету.
 
Назаўтра ўбачыў Ян Езуса, прыходзячага да Яго, і сказаў: "Вось Ягнё Божае, Той, хто бярэ на сябе грахі сьвету.

Гэта Той, пра Якога я сказаў: пасля мяне прыходзіць Чалавек, Які стаў перада мной, бо быў раней за мяне.
 
Гэта Той, пра якога я гаварыў: Пасьля мяне прыйдзе чалавек, які стаўся перада мной, бо быў раней, чым я.

І я не ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысцячы вадой, каб мог Ён аб’явіцца Ізраэлю».
 
І я, што праўда, ня ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысьцячы вадой, каб мог Ён аб'явіцца Ізраэлю".

І прадставіў Ян сведчанне, кажучы: «Бачыў я Духа, што сыходзіў з неба, як голуб, і Ён застаўся на Ім;
 
Ды даў Ян сьведчаньне, кажучы, :"Бачыў я Духа, зыходзячага з неба як галуб, які сеў на Ім.

і я Яго не ведаў, але Той, Хто мяне паслаў хрысціць вадою, сказаў мне: “На Каго ўбачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысціць Духам Святым”.
 
І я Яго ня ведаў, але Той, хто мяне паслаў хрысьціць вадою, сказаў мне: "На каго ўбачыш, што Дух зыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, хто хрысьціць Духам Сьвятым".

І гэта я сам бачыў і сведчу, што Ён — Сын Божы».
 
І гэта я сам бачыў і сьведчу, што Ён — Сын Божы".

На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні яго,
 
На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні ягоныя.

і, зірнуўшы на Ісуса, Які праходзіў міма, Ян кажа: «Вось Ягня Божае».
 
Гледзячы на праходзячага Езуса, Ян сказаў: "Вось Ягнё Божае".

Дык пачулі Яго два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Ісусам.
 
Дык пачулі два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Езусам.

Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Рабі, — што ў перакладзе значыць Настаўнік, — дзе жывеш?»
 
Езус, павярнуўшыся, убачыў іх, як ішлі за Ім, і спытаўся ў іх: "Што шукаеце?" Яны сказалі Яму: "Раббі, — што значыць Вучыцель, — дзе жывеш?"

Кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце». Дык пайшлі і ўбачылі, дзе жыў, і засталіся той дзень з Ім, а было блізу гадзіны дзясятай.
 
Кажа ім: "Хадзіце і паглядзіце". Дык пайшлі і паглядзелі, дзе жыў, і засталіся тога дня з Ім, а была блізу гадзіна дзесятая.

А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сімона Пётры.
 
А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.

Ён знаходзіць перш брата свайго Сімона і кажа яму: «Знайшлі мы Месію», што значыць — Хрыста,
 
Ён, спаткаўшы перш брата свайго Сымона, сказаў: "Знайшлі мы Мэсію", што значыць — Хрыста.

і прывёў яго да Ісуса. А Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сімон, сын Ёны; будзеш называцца Кіфа, што значыць Пётра».
 
І прывёў яго да Езуса. А Езус, глянуўшы на яго, сказаў яму: "Ты Сымон, сын Ёны, будзеш называцца Кефас, што значыць Пётар".

Назаўтра Ісус маніўся ісці ў Галілею ды знаходзіць Піліпа. І кажа яму Ісус: «Ідзі за Мною».
 
Назаўтра Езус маніўся ісьці ў Галілею ды напаткаў Філіпа. І сказаў яму Езус: "Ідзі за Мною".

А Піліп быў з Бэтсайды, горада Андрэя і Пётры.
 
А Філіп быў з Бэтсаіды, горада Андрэя і Пятра.

Піліп жа напаткаў Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсей у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпа з Назарэта».
 
Філіп жа напаткаў Натанаэля і сказаў яму: "Мы знайшлі Таго, аб кім пісаў Майсей у Законе і Прарокі: Езуса, сына Язэпа з Назарэту".

І сказаў яму Натанаэль: «Ці можа быць што добрае з Назарэта?» Кажа яму Піліп: «Ідзі і паглядзі».
 
І сказаў яму Натанаэль: "Ці можа быць што добрага з Назарэту?" Кажа яму Філіп: "Хадзі і паглядзі".

Убачыў Ісус, што Натанаэль ідзе да Яго, і кажа пра яго: «Вось праўдзівы ізраэлец, у якім няма хітрасці».
 
Убачыў Езус, што Натанаэль ідзе да Яго, і сказаў пра яго: "Вось праўдзівы Ізраэлец, у якім няма падману".

Натанаэль кажа Яму: «А скуль жа мяне ведаеш?» Адказваючы, сказаў яму Ісус: «Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Піліп, калі ты быў пад фігавым дрэвам».
 
Натанаэль спытаўся ў Езуса: "А скуль жа мяне ведаеш?" У адказ сказаў яму Езус: "Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Філіп, калі ты быў пад фіговым дрэвам".

Адказаў яму Натанаэль: «Рабі, Ты — Сын Божы, Ты — Валадар Ізраэля!»
 
Адказаў яму Натанаэль: "Раббі, Ты — Сын Божы, Ты — кароль Ізраэля!"

Адказаў яму Ісус і сказаў: «Таму, што Я табе сказаў: “Я цябе бачыў пад фігавым дрэвам”, паверыў ты? Болей за гэта ўбачыш».
 
Адказаў яму Езус і сказаў: "Таму, што Я табе сказаў: Я цябе бачыў пад фіговым дрэвам, уверыў ты? Болей за гэта ўбачыш".

І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, што ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага».
 
І дадаў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, узыходзячых і зыходзячых да Сына Чалавечага".