Яна 18 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Калі Ісус сказаў гэта, з вучнямі Сваімі пайшоў за ручай Цэдрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.
Сказаўшы гэта, Езус з вучнямі сваімі пайшоў за ручай Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў сам з вучнямі сваімі.
Але і Юда, які Яго выдаў, ведаў гэтае месца, бо Ісус часта там збіраўся са Сваімі вучнямі.
Але і Юда, які Яго выдаў, ведаў гэтае месца, бо Езус часта туды хадзіў са сваімі вучнямі.
Затым Юда, узяўшы кагорту і паслугачоў ад першасвятароў і фарысеяў, прыйшоў туды з ліхтарамі, светачамі і зброяй.
Затым Юда, узяўшы кагорту (жаўнераў) і слугаў ад першасьвятароў і фарысэяў, прыйшоў туды з лятарнямі, сьветачамі і аружжам.
А Ісус, ведаючы ўсё, што Яго чакае, выйшаў наперад і кажа ім: «Каго шукаеце?»
А Езус, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў наперад і спытаўся ў іх: "Каго шукаеце?"
Адказалі Яму: «Ісуса Назарэя». Кажа ім Ісус: «Гэта Я». А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.
Адказалі Яму: "Езуса з Назарэту". Кажа ім Езус: "Гэта Я ёсьць". А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.
Калі сказаў ім: «Гэта Я», яны адступіліся назад ды палі на зямлю.
Калі сказаў ім (Езус): "Гэта Я ёсьць", яны адступіліся назад ды ўпалі на зямлю.
Спытаўся іх тады зноў: «Каго шукаеце?» А яны сказалі: «Ісуса Назарэя».
Спытаўся іх тады зноў: "Каго шукаеце?" А яны сказалі: "Езуса Назарэйца".
Адказаў Ісус: «Дык жа сказаў Я вам: “Гэта Я!” Калі Мяне шукаеце, дазвольце ім пайсці»,
Адказаў Езус: "Дык жа сказаў Я вам, што гэта Я ёсьць. Калі Мяне шукаеце, дазвольце ім пайсьці",
каб споўнілася слова, якое Ён сказаў: «Не загубіў ніводнага з тых, якіх Ты Мне даў».
каб споўнілася слова, якое быў Ён сказаўшы: "Не загубіў ніводнага з тых, каторых Ты Мне даў".
Сімон жа Пётра, які меў меч, дастаў яго, і ўдарыў паслугача першасвятара, і адсёк яму правае вуха. Імя таму слузе было Малх.
Сымон жа Пётар, які меў меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха. Слуга той меў імя Мальхос.
Сказаў тады Ісус Пётры: «Схавай меч свой у похвы; келіх, які даў Мне Айцец, ці ж не Мне яго піць?»
Сказаў тады Езус Пятру: "Схавай меч свой у похвы. Ці ж Я ня маю піць чашу, якую даў Мне Айцец?"
Тады кагорта, і трыбун, ды паслугачы юдэйскія ўзялі Ісуса і звязалі Яго,
Тады кагорта, і трыбун, ды слугі Юдэйскія ўзялі Езуса і зьвязалі Яго,
і прывялі Яго перш да Анны: бо быў ён цесцем Каяфы, які быў у той год першасвятаром.
і прывялі Яго перш да Анны, бо быў цесьцем Каяфы, які быў таго года першасьвятаром.
Гэта быў Каяфа, які даў параду юдэям: «Лепш, каб адзін чалавек памёр за народ».
Гэта той Каяфа, які даў параду Юдэям: "Лепш, каб адзін чалавек памёр за народ".
А за Ісусам ішоў Сімон Пётра і другі вучань. А вучань той знаёмы быў з першасвятаром і ўвайшоў з Ісусам у двор першасвятара.
А за Езусам ішоў Сымон Пётр і другі вучань. А вучань той знаёмы быў з першасьвятаром, і таму ўвайшоў з Езусам на панадворак першасьвятара.
Пётра ж застаўся вонкі пры дзвярах. Выйшаў тады другі вучань, які быў знаёмы з першасвятаром, пагаварыў з прыдзверніцай ды ўвёў Пётру.
Пётар жа застаўся навонкі пры дзьвярах. Выйшаў тады другі вучань, які ведаў першасьвятара, пагаварыў з прыдзьверніцай, ды ўвёў Пятра.
Кажа тады Пётры служка прыдзверніца: «Ці і ты не з вучняў Таго Чалавека?» А ён кажа: «Не».
Кажа тады Пятру служанка прыдзьверніца: "Ці і ня ты з вучняў тога чалавека?" А ён кажа: "Не".
Там стаялі нявольнікі і паслугачы пры гарачым вуголлі, бо было зябка, і грэліся; а разам з імі быў і Пётра, стоячы і грэючыся.
Там стаялі нявольнікі і слугі, якія распалілі вогнішча, бо было холадна, і грэліся. А разам з імі быў і Пётар, стоячы і грэючыся.
Першасвятар жа пытаўся ў Ісуса пра вучняў Яго і навуку Яго.
Першасьвятар жа пытаўся ў Езуса пра вучняў Ягоных і навуку Яго.
Адказаў яму Ісус: «Я адкрыта гаварыў свету: Я вучыў заўсёды ў сінагозе і ў святыні, дзе заўсёды збіраюцца юдэі, і нічога не гаварыў употай.
Адказаў яму Езус: "Я яўна гаварыў сьвету, ды вучыў заўсёды ў сынагозе і ў сьвятыні, дзе зьбіраюцца ўсе Юдэі, і нічога не гаварыў тайком.
Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, якія чулі, што Я ім гаварыў; вось, яны ведаюць, што Я сказаў».
Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, каторыя чулі, што Я ім гаварыў; вось яны ведаюць, што Я ім казаў".
Калі гэта сказаў, дык адзін з паслугачоў, што блізка стаяў, даў Ісусу поўху, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?»
Калі гэта сказаў, дык адзін з слугаў, стоячы там, ударыў Езуса па твары, кажучы: "Так адказваеш першасьвятару?"
Адказаў яму Ісус: «Калі блага сказаў, дакажы, што блага, а калі добра, дык чаму Мяне б’еш?»
Адказаў яму Езус: "Калі блага сказаў, дакажы гэта, а калі добра, дык чаму Мяне б'еш?"
Тады адаслаў Яго Анна, звязанага, да першасвятара Каяфы.
Затым адаслаў Яго Анна зьвязанага да першасьвятара Каяфы.
А Сімон Пётра стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: «Ці і ты не з вучняў Яго?» А ён адрокся і сказаў: «Не!»
А Сымон Пётар стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: "Ці і ты ня з вучняў Ягоных?" А ён запярэчыў, кажучы: "Не!"
Дык адзін з паслугачоў першасвятара, сваяк таго, якому Пётра адсёк вуха, кажа яму: «Ці ж я цябе не бачыў з Ім у садзе?»
Дык адзін са слугаў першасьвятара, сваяк таго, катораму Пётар адсёк вуха, сказаў яму: "Ці ж я цябе ня бачыў з Ім у садзе?"
Ды Пётра зноў запярэчыў; і зараз запяяў певень.
Ды Пётр зноў запярэчыў; і зараз засьпяваў певень.
Затым павялі Ісуса ад Каяфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. І самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не спаганіцца, але каб маглі есці Пасху.
Затым павялі Езуса ад Каяфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. І самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не спаганіцца, але каб маглі есьці Пасху.
Выйшаў да іх Пілат і кажа: «Якую віну ўскладаеце на Гэтага Чалавека?»
Выйшаў да іх Пілат і сказаў: "У чым вінаваціце гэтага чалавека?"
Адказалі і сказалі яму: «Калі б Ён не быў злачынцам, не выдалі б Яго табе».
Дык сказалі яму: "Калі б Ён ня быў злачынцам, ня выдалі б Яго табе".
Дык сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і асудзіце Яго па вашым законе». Сказалі яму юдэі: «Нам нельга нікога забіваць»,
Дык сказаў ім Пілат: "Вазьміце Яго і асудзіце Яго паводле вашага закону". Сказалі яму тады Юдэі: "Нам нельга нікога забіваць",
каб споўнілася слова Ісуса, што сказаў Ён, вызначаючы, якою смерцю меў памерці.
каб споўнілася слова Езуса, сказанае ім, якою сьмерцю меў памерці.
Дык увайшоў зноў у прэторыю Пілат і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: «Ты — Цар Юдэйскі?»
Дык увайшоў (Пілат) зноў у прэторыю, і, пазваўшы Езуса, спытаўся ў Яго: "Ты — кароль Юдэйскі?"
Адказаў Ісус: «Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі пра Мяне?»
Адказаў Езус: "Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі гэта пра Мяне?"
Адказаў Пілат: «Ці ж я юдэй? Народ Твой і першасвятары выдалі мне Цябе; што Ты зрабіў?»
Адказаў Пілат: "Ці ж я Юдэй? Народ Твой і першасьвятары выдалі мне Цябе. Што Ты нарабіў?"
Адказаў Ісус: «Маё Валадарства не з гэтага свету; каб Маё Валадарства было з гэтага свету, паслугачы Мае ваявалі б, каб не быў Я выдадзены юдэям; але Валадарства Маё цяпер не адгэтуль».
Адказаў Езус: "Маё каралеўства ня з гэтага сьвету. Бо каб Маё каралеўства было з гэтага сьвету, слугі Мае ваявалі б пэўне, каб ня быў Я выдадзены Юдэям. Але каралеўства Маё цяпер не адгэтуль".
Сказаў Яму тады Пілат: «Дык Ты — Цар?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я — Цар. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб сведчыць аб праўдзе; кожны, хто з праўды, слухае голас Мой».
Сказаў Яму тады Пілат: "Дык Ты — Кароль?" Адказаў Езус: "Ты кажаш, што Я — Кароль. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб сьведчыць аб праўдзе. Кожны, хто з праўды, слухае голасу Майго".
Кажа Яму Пілат: «Што ёсць праўда?» І, калі ён гэта сказаў, зноў выйшаў да юдэяў і кажа: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
Кажа Яму Пілат: "Што ёсьць праўда?" І, гэта сказаўшы, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: "Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
У вас жа ёсць традыцыя, каб на Пасху выпусціць вам аднаго вязня; дык хочаце, пушчу вам Цара Юдэйскага?»
У вас жа ёсьць звычай, каб на Пасху выпусьціць вам аднаго вязьня. Дык хочаце, пушчу вам караля Юдэйскага?"
Але яны ўсе закрычалі, кажучы: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.
Але яны ўсе закрычалі: "Не Яго, але Барабу!" А Бараба быў разбойнікам.