2 Пятра 2 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Былі ж у народзе і фальшывыя прарокі, як і ў вас бываюць настаўнікі-ашуканцы, якія ўцягваюць у згубныя герэзіі і, адцураўшыся Таго Валадара, Які іх адкупіў, рыхтуюць самі сабе скорую загубу.
Былі ж у народзе і фальшывыя прарокі, як і ў вас бываюць настаўнікі-ашуканцы, каторыя ўцягваюць у згубныя сэкты і, адцураўшыся Таго, хто іх адкупіў, Валадара, рыхтуюць сабе скорую загубу.
І многія пойдуць слядамі іх распусты, і дарога праўды з-за іх знеслаўляцца будзе.
І многія пойдуць сьлядамі іхняй распусты, і дарога праўды імі зьняважана будзе.
І яны ў хцівасці будуць лавіць вас ілжывымі словамі, але прысуд на іх даўно гатовы, і згуба іх не дрэмле.
І яны ў сваёй хцівасьці будуць лавіць вас лісьлівымі словамі, але прысуд на іх даўно гатовы, і загуба іх не абміне.
Бо калі зграшыўшых анёлаў Бог не пашкадаваў, але, звязаўшы путамі пякельнай цемры, аддаў захаваць на суд;
Бо калі саграшыўшых анёлаў Бог не пашкадаваў, але, зьвязаўшы путамі пякельнае цемры, аддаў захаваць на суд;
і калі не пашкадаваў першага свету, а ўхаваў толькі васьмярых з Ноем, прапаведнікам справядлівасці, наводзячы патоп на бязбожны свет;
і калі (Бог) не пашкадаваў перашага сьвету, а ўхаваў толькі васьмёх з Ноем, вястуном праўды, наводзячы патоп на бязбожны сьвет;
таксама гарады Садом і Гамору, ператварыўшы ў попел, асудзіў на згубу, даючы прыклад кары для тых, што будуць бязбожнымі ў будучыні,
таксама гарады Садому і Гамору, абвярнуўшы ў попел, асудзіў на загубу, даючы прыклад кары для тых, што будуць бязбожнымі ў будучыні,
і выратаваў справядлівага Лота, прыгнятаемага распуснымі паводзінамі нягоднікаў, —
і выратаваў справядлівага Лёта, мучанага распуснымі паводзінамі нягоднікаў,
бо гэты справядлівы, пражываючы сярод іх, з дня на дзень пакутваў сваёй справядлівай душою ад іх бязбожных учынкаў, каторыя бачыў і аб каторых чуў, —
бо гэты справядлівы, пражываючы сярод іх, з дня на дзень сваю справядлівую душу мучыў іх бязбожнымі ўчынкамі, каторыя бачыў і аб каторых чуў.
дык ведае Госпад, як пабожных выратаваць ад спакушэння, а несправядлівых захаваць на пакаранне ў дзень суда,
Дык ведае Госпад, як пабожных выратаваць ад спакушэньня, а несправядлівых захаваць на пакараньне ў дзень суду,
а перад усім тых, што ідуць за целам у нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць начальствам; нахабнікаў, пыхліўцаў, што не баяцца блюзніць на вышэйшых,
а перад усім тых, што ідуць за целам у нячыстых пажаданьнях і пагарджаюць начальствам; нахабнікаў, пыхліўцаў, што адважваюцца блявузгаць на хвалу (нябесную),
у той час як анёлы, большыя за іх сілай і магутнасцю, не выносяць перад Госпадам зневажальнага суду.
у той час як анёлы, большыя іх сілай і моцай, не адважваюцца перад Госпадам даваць ім асуджэньня.
Яны, як неразумныя жывёлы, што прызначаны з натуры сваёй на злаўленне і знішчэнне, блюзняць на тое, чаго не разумеюць, ды ў псаванні сваім будуць знішчаны,
Яны як неразумныя жывёлы, прызначаны з натуры сваёй на ўлоў і ўбой, лаюць тое, што не разумеюць, ды ў сапсуцьці знаходзяць сваім пагінуць,
яны атрымаюць плату за несправядлівасць. За асалоду ўважаюць штодзённую раскошу; сараматнікі і агіднікі, асалоду знаходзяць у распуснасці сваёй, банкетуючы з вамі.
атрымаюць кару як заплату за несправядлівасьць. За асалоду ўважаюць яны штодзённую распусту, як сарамотнікі і агіднікі шукаюць асалоды ў сваіх брудных раскошах, банкетуючы з вамі.
Вочы іх поўныя чужаложства і няспыннага граху, зводзяць яны душы хісткія; сэрцы іх апанаваны хцівасцю, яны — дзеці праклёну;
Вочы іхнія поўныя чужалоства і няспыннага грэху, зводзяць яны душы хісткія; сэрцы іхнія апанаваныя хцівасьцю, яны — сыны праклёну;
сышоўшы з простага шляху, заблукалі ды пайшлі дарогай Балаама Басорава, які ўзлюбіў плату за несправядлівасць,
зыйшоўшы з простага шляху, заблукалі ды пайшлі дарогай Балаама, сына Басора, які ўзьлюбіў плату за несправядлівасьць,
але быў выкрыты ў сваім беззаконні: пад’ярэмная жывёла, нямая, прамовіўшы чалавечым голасам, стрымала неразумнасць прарока.
але быў пакараны за сваё злачынства: пад'ярэмная жывёла, нямая, прамовіўшы чалавечым голасам, стрымала дурасьць прарока.
Яны — крыніцы без вады, воблакі, бураю гнаныя, якія чакае туман цемры на векі.
Яны — крыніцы без вады, воблакі, віхрам гнаныя, каторых чакае туман цемры.
Пыхліва і марна гаворачы, яны прывабліваюць да пажадлівасці цялеснай і распусты тых, хто ледзь уцёк ад жывучых у аблудзе;
Узьнёсла і пуста гаворачы, зводзяць пажаданьнямі цялеснымі і распустай тых, што ледзь толькі ўцяклі ад пражываючых у аблудзе,
абяцаюць ім свабоду, а самі — нявольнікі псавання; бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.
абяцаюць ім свабоду, а самі — нявольнікі сапсуцьця; бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.
Бо калі, пазбегнуўшы брыдот свету праз пазнанне Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста, але зноў заблытаўшыся ў іх, імі перамагаюцца, дык апошняе зрабілася ім горшым за першае.
Бо калі хто ўцёк ад брыдотаў сьвету праз пазнаньне Госпада нашага і Збаўцы Езуса Хрыста, а потым зноў захапляецца імі, дык апошнія яго справы горшыя за папярэднія.
Лепш было б ім дарогі справядлівасці не ведаць, чым, пазнаўшы, адвярнуцца назад ад дадзенага ім святога прыказання.
Лепш было б ім дарогі справядлівасьці ня ведаць, чым, пазнаўшы, адвярнуцца назад ад дадзенага ім сьвятога прыказаньня.
Споўнілася бо на іх тое, аб чым слушна кажа прыказка: «Сабака вярнуўся да сваіх рыготаў, а свіння памытая — да качання ў брудзе».
Споўнілася бо на іх тое, аб чым слушна кажа прыказка: "Сабака вярнуўся да сваіх рыготаў, а свіньня памытая — у сваё балота".