2 Яна 1 разьдзел
Другое пасланьне Яна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Старэйшы — абранай гаспадарыні і яе дзецям, якіх я люблю ў праўдзе, і не толькі я сам, але і ўсе, што пазналі праўду,
Старшы — выбранай пані і яе дзецям, якіх я люблю ў праўдзе, і ня толькі я сам, але ўсе, што пазналі праўду,
дзеля праўды, што захоўваецца ў нас ды якая застаецца з намі ў вечнасці.
дзеля праўды, што прабывае ў нас ды якая застаецца з намі ў вечнасьці.
Ласка, міласэрнасць, супакой ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, хай будзе з намі ў праўдзе і любові.
Ласка, міласэрдзе і супакой ад Бога Айца і ад Езуса Хрыста, Сына Айца, хай будзе з намі ў праўдзе і любові.
Я быў вельмі рады, што сярод дзяцей тваіх знайшоў такіх, што жывуць у праўдзе, як мы атрымалі пастанову ад Айца.
Я быў вельмі рады, што сярод дзяцей тваіх знайшоў такіх, што жывуць у праўдзе, як мы атрымалі прыказаньне ад Айца.
І цяпер прашу цябе, гаспадарыня, не як новае прыказанне пішучы табе, але як тое, што мелі мы ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго.
І цяпер прашу цябе, пані, не як новае прыказаньне пішучы табе, але як тое, што мелі мы ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго.
І тое ёсць любоў, каб мы жылі паводле пастаноў Яго; гэта тое прыказанне, якое вы чулі ад пачатку, каб вы жылі па ім.
І тое ёсьць любоў, каб мы жылі паводле прыказаньняў Ягоных. Гэта тое прыказаньне, якое вы чулі ад пачатку, каб у ім хадзіць.
Бо з’явілася на свеце многа зводнікаў, якія не вызнаюць, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе; гэткі ёсць зводнік і антыхрыст.
Бо паявілася на сьвеце многа звадыяшаў, якія не вызнаюць, што Езус Хрыстос прыйшоў у целе (чалавечым); гэткі ёсьць звадыяш і антыхрыст.
Глядзіце самі на сябе, каб не страцілі вы таго, над чым мы папрацавалі, але каб атрымалі плату поўную.
Глядзіце самі на сябе, каб ня страцілі вы таго, што запрацавалі, але каб атрымалі заплату поўнасьцю.
Кожны, хто адступае ад навукі Хрыстовай і не трымаецца яе, не мае Бога; а хто трымаецца навукі, той мае і Айца, і Сына.
Кожны, хто адступае ад навукі Хрыстовай і не трымаецца яе, ня мае Бога; а хто трымаецца гэтай навукі, той мае і Айца, і Сына.
Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтай навукі, не прымайце яго ў дом і не вітайце яго.
Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтае навукі, не прыймайце яго ў дом і не вітайце яго.
Бо хто яго вітае, стаецца саўдзельнікам яго злачынства.
Бо хто яго вітае, стаецца саўдзельнікам яго злачынстваў.
Шмат маю я вам напісаць, але не хачу на паперы і атрамантам, бо спадзяюся, што да вас прыйду і з вамі пагавару з вуснаў у вусны, каб радасць наша была поўнаю. Амін!
Шмат маю я вам напісаць, але не хачу на паперы і атрамантам, бо спадзяюся, што да вас прыйду і асабіста з вамі пагавару, каб радасьць наша была поўнаю.
Вітаюць цябе дзеці сястры тваёй абранай. Амін.
Вітаюць цябе дзеці сястры тваёй выбранай.