Да Галятаў 5 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Дык стойце ў свабодзе, якой вызваліў нас Хрыстос, і не патрапляйце зноў пад ярмо няволі.
Дзеля свабоды вызваліў нас Хрыстос; дык стойце (у свабодзе) і не жадайце зноў папасьці пад ярмо няволі.
Вось, я, Паўла, кажу вам, што, калі вы дасцеся абрэзацца, Хрыстос не прынясе вам ніякай карысці.
Вось я, Павал, кажу вам, што калі вы дасьцеся абрэзацца, нічога вам Хрыстос не дапаможа.
Яшчэ сведчу, што кожны чалавек абрэзаны павінен выконваць увесь закон.
Яшчэ сьведчу, што кожны чалавек абразаны павінен выпаўняць усё, загаданае законам.
Вы, што шукаеце ў законе апраўдання, ад Хрыста аддзеленыя і ад ласкі адпалі.
Вы, што шукаеце ў законе апраўданьня, ад Хрыста адпадаеце і губляеце ласку Ягоную.
Мы ж духам ад веры маем надзею апраўдання.
Мы ж духам ад веры маем надзею апраўданьня.
Бо ў Хрысце Ісусе ані абразанне, ані неабразанне не маюць сілы, а толькі вера, што дзейнічае праз любоў.
Бо ў Езусе Хрысьце ані абразаньне, ані неабразаньне ня маюць значэньня, а толькі вера, што дзейнічае праз любоў.
Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
Перакананне гэта не ад Таго, Які вас кліча.
Перакананьне гэта не ад Таго, які вас кліча.
Трохі кіслі ўсё цеста квасіць.
Трохі кісьлі ўсё цеста квасіць.
Я ўпэўнены ў вас у Госпадзе, што інакш гэтага не разумееце; а хто бунтуе вас, той панясе асуджэнне, хто б ён ні быў.
Я пэўны ў вас у Госпадзе, што ня будзеце думаць інакш; а хто бунтуе вас, той панясе асуджэньне, хто б ён ня быў.
Калі ж я, браты, і далей прапаведую абразанне, дык чаму я цярплю пераслед? Тады знікла б згаршэнне крыжа.
Калі ж я, браты, і далей абвяшчаю абразаньне, дык чаму мяне перасьледуюць? Тады зьнікла б згаршэньне крыжа.
О каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць!
О каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць!
Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі каб свабоду вы не давалі як падставу для пажадлівасці цела, але любоўю духа служыце адзін аднаму.
Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі не да свабоды патураць целу, але любоўю духа ўспамагаць адзін другога.
Бо ўвесь закон адным выразам спаўняецца, вось гэтым: «Любі блізкага свайго, як самога сябе».
Увесь бо закон у адным слове спаўняецца: "Любі бліжняга свайго як самога сябе".
Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, глядзіце, каб вы адзін аднаго не загубілі.
Калі ж адзін другога будзеце кусаць і губіць, глядзіце, каб гэтак усе не папрападалі.
Кажу вам: кіруйцеся духам, ды не падпадайце пад пажадлівасць цела.
Кажу вам: кіруйцеся Духам, ды не падпадзіце пад уладу цела.
Цела бо цягне супраць духа, а дух — супраць цела; яны супрацівяцца адно аднаму, каб не тое, што хочаце, вы рабілі.
Цела бо цягне супраць духа, а дух — супраць цела; яны працівяцца адно аднаму, каб ня тое, што хочаце, вы рабілі.
Калі будзеце кіравацца духам, вы не пад законам.
Калі будзеце кіравацца Духам, вы не падлягаеце закону.
Вядомыя ж учынкі цела, вось яны: чужаложства, распуста, нячыстасць, разбэшчанасць,
Ведамыя ж учынкі цела, вось яны: распуста, нячыстасьць, разбэшчанасьць,
балванапаклонства, чараванне, варожасць, сварлівасць, нянавісць, забойствы, гнеў, звадкі, нязгода, герэзіі,
ідалапаклонства, чараваньне, варожасьць, сварлівасьць, зайздрасьць, звадкі, нязгода, герэзіі,
забойствы, п’янства, гулянкі і ім падобнае. Аб гэтым я і папярэджваў вас, і папярэджваю, што тыя, якія такое чыняць, Валадарства Божага не атрымаюць.
забойствы, п'янства, гулянкі і ім падобнае. Аб гэтым я і папярэджваў вас, і папярэджваю, што тыя, каторыя такіх грахоў дапускаюцца, Каралеўства Божага не атрымаюць.
Плод жа духа — любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, ласкавасць, дабрыня, вера,
Плод жа Духа — любоў, радасьць, супакой, доўгацярплівасьць, ласкавасьць, добрасьць, вернасьць,
сціпласць, стрыманасць. Супраць такіх няма закону.
сьціпласьць, стрыманасьць. Супраць такіх няма закону.
Тыя ж, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з заганамі і пажадлівасцямі.
Тыя ж, што належаць Хрысту, укрыжавалі сваё цела з пажаданьнямі і схільнасьцямі.
Калі жывём Духам, дык Духам і ходзім.
Калі жывём Духам, дык Духам і ходзім.
Давайце не імкнуцца да пустой славы, дражнячы адзін аднаго, зайздросцячы адзін аднаму.
Не шукайма пустой славы, дражнячы адзін другога і зайздросьцячы адзін другому.