Адкрыцьцё 10 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Пасля ўбачыў я іншага магутнага анёла, апранутага ў воблака, які сыходзіў з неба, і над галавой у яго вясёлка, і твар яго — быццам сонца, і ногі яго — як слупы вогненныя,
 
Пасьля ўбачыў я іншага магутнага анёла, зыходзячага з неба, заслоненага воблакам, і над галавой у яго вясёлка, і твар ягоны быццам сонца, і ногі яго як слупы вогненыя,

і меў ён у руцэ сваёй адкрытую маленькую кніжку. І паставіў ён ногі свае: правую — на мора, а левую — на зямлю,
 
і меў ён у руцэ сваёй адкрытую кнігу. І паставіў ён ногі свае: правую — на мора, а левую — на зямлю,

і ўсклікнуў магутным голасам на падабенства рыкаючага льва. І калі ён усклікнуў, прамовілі сем грымот галасамі сваімі.
 
і гаманіў магутным голасам на падабенства рыкаючага льва. І на ягоны крык азваўся голас сямі грымотаў.

І калі прагучалі гэтыя сем грымот, хацеў я пісаць, але пачуў з неба голас, які казаў мне: «Запячатай тое, што прамовілі сем грымот, і не пішы таго».
 
І калі прагучалі гэтыя сем грымотаў, хацеў я пісаць, але пачуў з неба голас, кажучы мне: "Палажы пячатку на тое, што абвяшчала сем грымотаў, і не пішы таго".

І анёл, якога я бачыў, што стаяў на моры і на зямлі, падняў правую руку сваю ў неба
 
І анёл, якога я бачыў стаячага на моры і на зямлі, падняў руку сваю ў неба

і прысягнуў Тым, Хто жыве на векі вечныя, Які стварыў неба і ўсё, што на ім ёсць, і зямлю і тое, што на ёй ёсць, і мора і што ў ім ёсць: «Часу ўжо больш не будзе!
 
і прысягнуў на Жывучага на вякі вечныя, каторы стварыў неба і ўсё, што на ім ёсьць, і зямлю, і тое, што на ёй ёсьць, і мора, і што ў ім ёсьць: "Часу ўжо больш ня будзе!

Але ў тых днях, у час голасу сёмага анёла, калі ён пачне трубіць, збудзецца таямніца Божая, як Ён дабравесціў паслугачам Сваім прарокам».
 
Але ў тых днях, у час голасу сёмага анёла, калі ён пачне трубіць, збудзецца таямніца Божая, як абвяшчалі слугі Яго прарокі".

І пачуў я зноў голас з неба, які гаварыў са мной і казаў: «Ідзі і вазьмі адкрытую маленькую кніжку з рукі анёла, што стаіць на моры і на зямлі».
 
І пачуў я зноў голас з неба, кажучы мне: "Ідзі і вазьмі адкрытую кнігу, якую трымае ў руцэ анёл, стоячы на моры і на зямлі".

І пайшоў я да анёла, кажучы яму: «Дай мне маленькую кніжку». І ён сказаў мне: «Бяры кнігу і з’еж яе; і яна стане горкаю ў жываце тваім, але ў вуснах тваіх будзе яна салодкая, як мёд».
 
І пайшоў я да анёла, кажучы яму, каб ён даў мне кнігу. І ён сказаў мне: "Бяры кнігу і зьеш яе; і нутро тваё перапоўніць яна горыччу, але ў вуснах тваіх будзе яна салодкая, як мёд".

І ўзяў я маленькую кніжку з рукі анёла і з’еў яе; і ў вуснах маіх была яна салодкай, як мёд, а, калі яе спажыў, нутро маё напоўнілася горыччу.
 
І ўзяў я кнігу з рукі анёла і зьеў яе; і ў вуснах маіх была яна салодкай, як мёд, а калі яе спажыў, нутро маё напоўнілася горыччу.

І кажа мне: «Ты павінен зноў прарочыць пра народы, пра плямёны, пра мовы і пра многіх цароў».
 
І сказаў ён мне: "Ты павінен зноў вясьціць прароцтвы пра народы, пра плямёны, пра мовы і пра многіх каралёў".