Адкрыцьцё 15 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
І ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе: сем анёлаў з сямю апошнімі плягамі, на якіх завершаны гнеў Божы.
I ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе: сем анёлаў з сямю апошнімі карамі, бо на іх спыніцца гнеў Божы.
І ўбачыў я нібы шкляное мора, змяшанае з агнём, і тых, што перамаглі звера, і абраз яго, і кляймо яго, і лічбу імя яго, якія стаялі на шкляным моры, трымаючы гуслі Божыя.
I ўбачыў я нібы шклянае мора, зьмяшанае з агнём, і тых, што перамаглі зьвера, і абраз яго, і лічбу імя ягонага, як стаялі на шкляным моры, трымаючы гуслі Божыя.
І спявалі яны песню Майсея, паслугача Божага, і песню Ягняці, кажучы: «Вялікія і цудоўныя дзеянні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў!
І сьпявалі яны песьню Майсея, слугі Божага, і песьню Ягняці, кажучы: "Вялікія і цудоўныя дзеяньні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў!
Хто не забаіцца Цябе, Госпадзе, і не стане славіць імя Тваё? Бо Ты адзін святы, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталіся справядлівыя суды Твае!»
Хто не забаіцца Цябе, Госпадзе, і не стане славіць імя Тваё? Бо Ты адзін Сьвяты, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталіся справядлівыя суды Твае!"
І потым убачыў я вось што: і адчынілася на небе святыня палаткі сведчання,
І потым бачыў я, як адчынілася на небе сьвятыня скініі сьведчаньня
і выйшлі са святымі сем анёлаў з сямю плягамі, апранутыя ў чыстае палатно ззяючае, і грудзі мелі падпяразаныя залатымі паясамі.
выйшлі сем анёлаў, маючыя сем плягаў, апранутыя ў чыстае палатно зьзяючае, і грудзі мелі падпаясаныя залатымі паясамі.
І адна з чатырох жывёлін дала сямі анёлам сем залатых чар, поўных гневу Бога, Які жыве на векі вечныя.
I адна з чатырох жывёлаў дала сямі анёлам сем залатых чашаў, поўных гневу Бога, які жыве на вякі вечныя.
І напоўнілася святыня дымам славы Божай і магутнасці Яго, і ніхто не мог увайсці ў святыню, пакуль не былі скончаны сем плягаў сямі анёлаў.
І напоўнілася сьвятыня дымам хвалы Божай і магутнасьці Яго, і ніхто ня мог увайсьці ў сьвятыню, пакуль ня споўняцца сем плягаў сямі анёлаў.