Адкрыцьцё 17 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чар, і прамовіў да мяне, кажучы: «Падыдзі, пакажу табе знішчэнне вялікай распусніцы, што сядзіць над водамі многімі,
 
І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, маючых сем чашаў, прамовіў да мяне, кажучы: "Хадзі, пакажу табе зьнішчэньне вялікай распусьніцы, што сядзіць над водамі многімі,

з якой чужаложылі многія цары зямлі, і жыхары зямлі ўпіваліся віном распуснасці яе».
 
з якой распусьнічалі многія каралі зямлі, і жыхары зямлі ўпіваліся віном распуснасьці яе".

І перанёс мяне ў духу ў пустыню. І ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на чырвоным зверы, поўным імён блюзнячых, які меў сем галоў і дзесяць рагоў.
 
І перанёс мяне ў духу на пустыню. І ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на чырвоным зьверы, поўным імёнаў блюзьнерскіх, маючым сем галоваў і дзесяць рагоў.

Жанчына ж была ўбраная ў пурпур і багата ўпрыгожаная золатам, дарагімі камянямі і перламі, і ў руцэ сваёй трымала залатую чару, поўную брыдоты і нечыстотаў сваёй распусты,
 
Жанчына ж была ўбраная ў чырвань і парфіру, і багата ўпрыгожаная золатам, дарагімі каменьнямі і пэрламі, і ў руцэ сваёй трымала залатую чашу, поўную брыдоты і нячыстасьці сваёй распусты,

і на сваім чале мела напісанае імя: «Таямніца: Вялікі Бабілон, маці распусты і агіды зямлі».
 
і на сваім чале мела напісанае тайнае імя: "Вялікі Бабілён, маці распусты і агіды зямлі".

І бачыў я гэтую жанчыну п’янаю крывёй святых і крывёй мучанікаў Ісусавых. І здзівіўся, калі ўбачыў яе, вялікім здзіўленнем.
 
І бачыў я гэту жанчыну п'яную крывёй сьвятых і крывёй мучанікаў Езусавых. І, убачыўшы яе, вельмі зьдзівіўся.

І анёл сказаў мне: «Чаго дзівішся? Я табе выкажу таямніцу жанчыны і звера, што яе носіць, які мае сем галоў і дзесяць рагоў.
 
І анёл сказаў мне: "Чаго дзівішся? Я табе выяўлю таямніцу жанчыны і зьвера, каторы яе носіць, які мае сем галоў і дзесяць рагоў.

Звер, якога ты бачыў, быў, і няма ўжо яго, і зноў выйдзе з бяздоння і пойдзе на загубу. На від звера, які быў, і якога ўжо няма, і які зноў з’явіцца, задзівяцца ўсе жыхары зямлі, імёны якіх ад заснавання свету не запісаны ў кнізе жыцця.
 
Зьвер, якога ты бачыў, быў, і няма ўжо яго, і зноў выйдзе з бяздоньня і пойдзе на загубу. На від зьвера, каторы быў і якога ўжо няма, і які зноў паявіцца, задзівяца ўсе жыхары зямлі, імёны якіх ад заснаваньня сьвету не запісаны ў кнізе жыцьця.

Вось, тут розум, які мае мудрасць. Сем галоў — гэта сем узгоркаў, на якіх сядзіць жанчына, і сем цароў.
 
Вось тут (трэба) розум, які мае мудрасьць. Сем галоваў — гэта сем узгоркаў, на якіх сядзіць жанчына, і сем каралёў.

Пяць упала, адзін трывае, а іншы яшчэ не прыйшоў і, калі прыйдзе, належыць яму кароткі час прабыць.
 
Пяць упала, адзін трывае, а іншы яшчэ не зьявіўся, і калі зьявіцца, дасца яму кароткі час прабыць.

І звер, які быў і якога ўжо няма, ёсць восьмы, і з сямі паходзіць, і ідзе на загубу.
 
І зьвер, каторы быў якога ўжо няма, ёсьць са свайго боку восьмы і з сямі паходзіць, і ідзе на загубу.

І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі ўлады, але атрымаюць царскую ўладу ў адзін час са зверам.
 
І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць каралёў, якія яшчэ не атрымалі ўлады, але атрымаюць каралеўскую ўладу на коратка пасьля зьвера.

У іх адзін намер; і моц і ўладу сваю аддадуць зверу.
 
У іх адзін намер, і моц, і ўладу сваю аддадуць зьверу.

Яны будуць ваяваць супраць Ягняці, і Ягня пераможа іх, бо Ён — Госпад пануючых і Валадар валадароў; і разам з Ім пакліканыя, і выбраныя, і верныя».
 
Яны будуць ваяваць супраць Ягняці, і Ягня пераможа іх, бо Ён — Госпад валодаючых і Валадар каралёў; і разам з Ім атрымаюць перамогу і тыя, што пакліканыя, і выбраныя, і верныя.

І кажа ён мне: «Воды, што ты бачыў, дзе сядзіць распусніца, — гэта народы, і натоўпы, і плямёны, і мовы.
 
І сказаў ён мне: "Вада, што ты бачыў, на якой сядзіць распусніца — гэта народы і грамады, і плямёны, і мовы.

Дзесяць жа рагоў, што ты бачыў у звера, гэта тыя, што будуць мець у нянавісці распусніцу, і знішчаць яе, і аголяць яе, і цела яе з’ядуць, і спаляць яе агнём.
 
Дзесяць жа рагоў, што ты бачыў у зьвера, гэта тыя, што будуць мець у нянавісьці распусьніцу, і зьнішчаць яе, і абяруць, і цела яе зьядуць, і спаляць яе агнём.

Бог бо даў ім у сэрцы іх, каб выканалі яны тое, што ім наканавана, і выканалі аднадумна, і аддалі царства сваё зверу, аж пакуль не споўняцца словы Божыя.
 
Бог бо ўлажыў ім у сэрцы іхнія, каб выканалі яны прысуд Ягоны і каб аддалі каралеўства сваё зьверу, аж пакуль ня споўніцца Слова Божае.

І жанчына, якую ты бачыў, — гэта вялікі горад, які мае панаванне над царамі зямлі».
 
І жанчына, якую ты бачыў, — гэта вялікі горад, які меў панаваньне над каралямі зямлі".