Адкрыцьцё 18 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Пасля гэтага ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, і зямля зазіхацела ад славы яго.
 
Пасьля гэтага бачыў я іншага анёла, які зыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, і зямля зазіхацела ад яснасьці яго.

І ўсклікнуў ён магутным голасам: «Паў, паў Бабілон, вялікая распусніца, і стаўся паселішчам дэманаў і турмой усякіх духаў нячыстых, і турмой нячыстай птушкі, і ўсякага нячыстага і ненавіснага звера.
 
І загаварыў ён магутным голасам: "Упаў, упаў Бабілён, вялікая (распусьніца), і стаўся паселішчам дэманаў і сховішчам усякіх духаў нячыстых, і схованкай усякага нячыстага зьвера і птушкі.

Бо віном шаленства распусты сваёй яна напаіла ўсе народы, і ўсе цары зямлі з ёю чужаложнічалі, і купцы зямлі ўзбагачаліся з яе вялікага багацця».
 
Бо ўсе народы пілі віно гневу распусты яе, і ўсе каралі зямлі з ёю чужаложылі, і купцы зямлі ўзбагачаліся з яе вялікага багацьця".

І пачуў я яшчэ іншы голас з неба, які казаў: «Выйдзі з яе, народ Мой, каб не стаўся ты ўдзельнікам яе грахоў і каб не прыняў плягаў яе.
 
І пачуў я яшчэ іншы голас з неба, які казаў: "Выйдзі з яе, народ Мой, каб ня стаўся ты ўдзельнікам яе грахоў і каб разам не пацярпеў плягаў яе.

Бо падняліся грахі яе аж да неба, і прыпомніў Бог яе нягоднасць.
 
Бо падняліся грахі яе аж да неба, і прыпомніў Госпад яе нягоднасьць.

Адгадзіце ёй, як і яна вам давала, і падвойце ёй удвая за яе ўчынкі; у чары, у якой яна змешвала напой, змяшайце ёй удвая.
 
Адгадзіце ёй, як і яна вам давала, і падвойце ёй удвая за яе ўчынкі; у чашу, з якой яна вас паіла, наліце ўдвая.

Колькі ўзносілася яна і раскашавала, столькі дайце ёй і мукаў, і гора, бо кажа ў сваім сэрцы: “Сяджу, як царыца, і не ўдава я, і не пабачу гора”.
 
Колькі выносілася яна і раскашавалася, столькі дайце ёй і гарчыні, і суму, бо думала ў сваім сэрцы: "Сяджу, як каралева, і не ўдава я, і не пабачу суму".

Дзеля таго зваляцца на яе ў адзін дзень плягі яе, смерць, і гора, і голад, і агнём будзе спалена, бо магутны Госпад Бог, Які асудзіў яе.
 
Дзеля таго зваляцца на яе ў адзін дзень плягі яе, і гора, і сьмерць, і сум, і агнём будзе спалена, бо магутны Госпад Бог, які судзіць яе будзе.

І плакаць будуць і галасіць дзеля яе цары зямлі, якія з ёй чужаложнічалі і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым пажару яе,
 
І плакаць будуць і галасіць дзеля яе каралі зямлі, якія з ёй распусьнічалі і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым пажару яе,

і, стоячы здалёк, дзеля страху яе мучэнняў будуць казаць: “Гора, гора, вялікі той горад, Бабілон, магутны той горад, у адну хвіліну прыйшоў суд твой”.
 
і, стоячы здалёк, дзеля страху яе мучэньняў будуць казаць: "Гора, гора, вялікі той горад, Бабілён, горад магутны, у адну хвіліну прыйшоў суд на цябе".

І гандляры зямлі будуць плакаць і лямантаваць дзеля таго, што іх тавараў ніхто ўжо не купіць,
 
І гандляры зямлі будуць плакаць і лямантаваць дзеля таго, што іх тавараў ніхто ўжо ня купіць,

тавараў залатых і срэбраных, і дарагіх каменняў, і перлаў, і вісону, і пурпуру, і шоўку, і парфіры, і рознага пахкага дрэва ды вырабаў са слановай косці, і ўсякіх рэчаў з найдаражэйшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру,
 
тавараў залатых і серабраных, і з дарагіх каменьняў, і пэрлаў, і вісону, і пурпуры, і ядвабу, і кармазыну, і рознага пахкага дрэва ды вырабаў са слановай косьці, і ўсякіх рэчаў з найдаражэйшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру,

і карыцы, і духмянасцей, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і чыстай мукі, і пшаніцы, і жывёлы, і авечак, і коней, і вазоў, і нявольнікаў, і душ людскіх.
 
і цынамону, і духмянасьцяў, і пахаў, і масьці, і кадзілаў, і віна, і алівы, і чыстай мукі, і пшаніцы, і жывёлы, і авечак, і коней, і вазоў, і нявольнікаў, і душаў людзкіх.

І плады твае, пажаданне душы, прапалі для цябе, і ўсё тлустае і бліскучае знікла перад табою, і больш ужо яго не знайсці.
 
І плады, што радавалі сэрца тваё, прапалі для цябе, і ўсё тлустае і бліскучае зьнікла перад табою, і больш ужо яго не знайсьці.

Гандляры гэтага, якія праз яе ўзбагаціліся, будуць стаяць здалёк з-за страху перад яе мукамі, плачучы і лямантуючы,
 
Гандляры гэтых тавараў, якія праз яе ўзбагаціліся, будуць стаяць здалёк дзеля яе мук, плачучы і лямантуючы,

і кажучы: “Гора, гора табе, вялікі гэты горад, што апрануты ў вісон і пурпур, і парфіру, і багаты золатам, дарагімі камянямі і перламі,
 
і кажучы: "Гора, гора табе, вялікі горад, апранены ў вісон і пурпур, і кармазын, і багаты золатам, дарагімі каменьнямі і пэрламі,

бо ў адну гадзіну пагінулі такія багацці!” І ўсе стырнавыя, і перавозчыкі прыбярэжныя, і маракі разам з тымі, што на моры працавалі, здалёк стаялі,
 
бо ў адну хвіліну пагінулі такія багацьці!" І ўсе стырнікі, і перавозчыкі прыбярэжныя, і маракі разам з тымі, што на моры працавалі, здалёк стоячы,

уздыхалі і лямантавалі, гледзячы на дым пажару і кажучы: “Хто ж падобны да гэтага горада, такога вялікага?”
 
уздыхалі і, гледзячы на пажар, казалі: "Дзе ж падобны да гэтага горад так вялікі?"

І пасыпалі пылам галовы сабе, і крычалі, плачучы і галосячы, і казалі: “Гора, гора табе, вялікі горад, у якім усе сталіся багатымі, хто меў караблі на моры, са скарбаў яго. У адзін момант ён быў спустошаны!
 
І пасыпалі попелам галовы сабе і крычалі, плачучы і галосячы, і казалі: "Гора, гора табе, вялікі горад, у якім усе сталіся багатымі, хто меў караблі на моры, са скарбаў яго. У адзін момант усё прапала!

Цешцеся з гэтага, неба і святыя, і Апосталы, і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго”».
 
Цешцеся з яго нядолі, неба і сьвятыя, і апосталы, і прарокі, бо спагнаў Бог суд ваш над ім".

Тады адзін магутны анёл падняў вялікі, як млынавы, камень і кінуў яго ў мора, кажучы: «З такой сілаю будзе скінуты гэты горад Бабілон, і больш не паўстане.
 
Тады адзін магутны анёл падняў вялікі, як млынавы, камень і кінуў яго ў мора, кажучы: "З такой сілаю будзе скінуты гэты горад Бабілён так вялікі, і больш не паўстане.

І голасу гусляроў, і музыкаў, і жалейнікаў, і дудароў, і труб не пачуецца больш у табе; і не знойдзецца больш ніводнага мастака і ніякага мастацтва, і не будзе чутна голасу жорнаў,
 
І голасу граючых на гусьлях, і сьпевакоў, і дудароў, і труб не пачуецца больш у табе, і ня знойдзецца больш ніводнага мастака і ніякага мастацтва, і ня будзе чутна голасу жорнаў,

і не зазіхаціць у табе больш святло светача, і галасоў жаніха і нявесты больш у табе не пачуеш, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо ўсе народы былі падмануты тваімі чарамі,
 
і не зазіхаціць у табе больш сьвятло лямпы, і голасу жаніха і нявесты больш у табе не пачуеш, бо купцы твае былі магнатамі сьвету, бо ўсе народы былі затрутыя тваімі чарамі,

і знойдзена ў ім кроў прарокаў і святых ды ўсіх тых, што закатаваны былі на зямлі».
 
і (знойдзена) ў табе кроў прарокаў і сьвятых ды ўсіх тых, што закатаваныя былі на зямлі".