1 царстваў 23 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Аднойчы паведамілі Давіду, кажучы: «Вось, філістынцы нападаюць на Кэйлу і рабуюць гумны».
Такім чынам, раіўся Давід з Госпадам, кажучы: «Ці ісці і ўдарыць мне філістынцаў гэтых?» І сказаў Госпад Давіду: «Ідзі і ўдар філістынцаў гэтых, і вызвалі Кэйлу».
І сказалі яму ваяры, якія былі з Давідам: «Вось, мы тут, у Юдэі, жывём у страху; як жа пойдзем у Кэйлу на войскі філістынскія?»
Дык Давід ізноў раіўся з Госпадам, Які адказаў яму: «Уставай і ідзі на Кэйлу, бо Я аддам філістынцаў у рукі твае».
Тады ізноў пайшоў Давід і ваяры яго на Кэйлу, і ваявалі супраць філістынцаў, і забралі іх жывёлу, і ўдарылі іх вялікаю плягаю; і вызваліў Давід жыхароў Кэйлы.
А калі Абіятар, сын Ахімэлеха, уцёк да Давіда, ён разам з Давідам выбраўся ў Кэйлу, несучы з сабою эфод.
А Саўлу паведамілі, што Давід прыбыў ў Кэйлу, і сказаў Саўл: «Аддаў яго Бог у рукі мае: бо, уваходзячы ў горад, які мае брамы і запоры, ён сам замкнуў сябе».
І склікаў Саўл увесь народ, каб ісці на вайну ў Кэйлу і абкладваць Давіда і ваяроў яго.
Калі даведаўся Давід аб тым, што Саўл патаемна рыхтуе яму зло, сказаў Абіятару святару: «Прынясі сюды эфод».
І сказаў Давід: «Госпадзе, Божа Ізраэля, паслугач твой чуў вестку, што Саўл мае намер прыбыць у Кэйлу, каб зруйнаваць горад з-за мяне.
Ці аддадуць мяне жыхары Кэйлы ў рукі яго? І ці прыйдзе Саўл, як чуў паслугач твой? Госпадзе, Божа Ізраэля, адкажы слузе Твайму». І сказаў Госпад: «Прыйдзе».
І спытаўся далей Давід: «Ці выдадуць мяне і ваяроў маіх жыхары Кэйлы ў рукі Саўла?» І Госпад сказаў: «Выдадуць».
Дык устаў Давід і людзі яго, лікам каля шасцісот, і выйшлі з Кэйлы, і хадзілі, дзе маглі. І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк з Кэйлы, з-за чаго ён адклікаў выправу.
А Давід прабываў у пустыні ў самых недасягальных месцах, і затрымаўся на гары, у пустыні Зіф, і Саўл шукаў яго ўвесь час, але Бог не выдаў Давіда ў рукі яго.
І даведаўся Давід, што Саўл вырушыў, каб цікаваць на яго жыццё, а Давід быў у пустыні Зіф у Харэсе.
І ўстаў Ёнатан, сын Саўла, і прыйшоў да Давіда ў Харэс; і ўмацаваў рукі яго ў Богу,
і сказаў яму: «Не бойся, бо не знойдзе цябе рука Саўла, бацькі майго; і ты будзеш цараваць над народам Ізраэля, і я буду другім па табе: але і Саўл, бацька мой, ведае гэта».
І абодва яны звязалі сябе сяброўствам перад Госпадам; і Давід застаўся ў Харэсе, а Ёнатан вярнуўся ў дом свой.
А жыхары Зіфа пайшлі да Саўла ў Габу, кажучы: «Ці не Давід хаваецца каля нас у самых недасягальных мясцінах у Харэсе, на ўзгор’і Гахіла, на паўднёвым баку пустыні?
Дык цяпер, цар, калі душа твая прыйсці пажадае, прыходзь; а нашай справай будзе выдаць яго ў рукі цара».
Адказаў Саўл: «Хай дабраславіць вас Госпад, бо вы спачуваеце мне.
Прашу, ідзіце, і спраўней прыгатуйцеся, і дзейнічайце старанней, і агледзьце месца, дзе ён ходзіць або дзе хто-небудзь яго там бачыў: бо казалі мне, што ён надта хітры.
Выведайце і агледзьце ўсе яго схованкі, у якіх ён хаваецца, і вярніцеся да мяне ў пэўнае месца, каб і я пайшоў з вамі; бо, калі будзе ён у зямлі гэтай, я перашукаю яго ва ўсіх мясцовасцях Юды».
І яны, падняўшыся, пайшлі ў Зіф, апераджаючы Саўла. А Давід і людзі яго былі ў пустыні Маон, у Арабе на поўдні пустыні.
І вось, Саўл з людзьмі сваімі пайшоў шукаць Давіда, і паведамілі Давіду аб гэтым; і ён накіраваўся да скалы, і пайшоў у пустыню Маон. Калі Саўл пачуў пра гэта, ён пагнаўся за Давідам у пустыні Маон.
І ішоў Саўл па адным баку гары, а Давід са сваімі людзьмі былі па другім баку гары; а Давід паспешна ўцякаў ад Саўла. А Саўл і яго людзі акружалі Давіда і яго людзей, як быццам вянком, каб злавіць іх.
І прыбыў вястун да Саўла, кажучы: «Спяшайся і вяртайся, бо філістынцы нахлынулі на зямлю».
І Саўл вярнуўся, перастаўшы пераследаваць Давіда; і выбраўся супраць філістынцаў. Дзеля таго назвалі месца тое Села-Гамахлекот.