Быццё 49 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І паклікаў Якуб сыноў сваіх, і сказаў ім: «Збярыцеся, каб мне абвясціць, што чакае вас у пазнейшых часах.
І паклікаў вось Якуб сыноў сваіх, і сказаў ім: «Зьбярыцеся, каб расказаць вам, што чакае вас у пазьнейшых часах.
Збярыцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце бацькі вашага, Ізраэля!
Зьбярыцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце бацькі вашага, Ізраэля!
Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй; першы па дастойнасці, старэйшы па сіле!
Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй; першы па дастойнасьці, старэйшы па сіле!
Пенячыся, як вада, не будзеш пяршынстваваць, бо ты ўвайшоў у ложак бацькі свайго і апаганіў пасцель маю.
Пенячыся, як вада, ня будзеш першынстваваць, бо ты ўвайшоў у ложак бацькі свайго і апаганіў пасьцель маю.
Сімяон і Леві — браты, начынне гвалту зброя іх.
Сымон і Леві — браты, начыньне гвалту зброя іхняя.
У іх нараду не ўвойдзе душа мая, і ў сходзе іх хай не будзе славы маёй, бо ў шале сваім забілі яны чалавека і ў сваволлі сваім падрэзалі жылы быкоў.
У іхнюю нараду ня ўвойдзе душа мая, і ў сабраньні іхнім хай ня будзе славы маёй, бо ў шале сваім забілі яны чалавека і ў свавольлі сваёй падрэзалі жылы быкоў.
Праклятая лютасць іх, бо ўпорыстая, і заядласць іх, бо тупая! Падзялю іх у Якубе і раскіну іх у Ізраэлю.
Праклятая лютасьць іхняя, бо ўпорыстая, і заядласьць іхняя, бо тупая! Падзялю іх у Якубе і раскіну іх у Ізраэлю.
Юда, цябе будуць хваліць браты твае, твая рука на карках ворагаў тваіх; будуць пакланяцца табе сыны бацькі твайго.
Юда, цябе будуць хваліць браты твае, твая рука на карках ворагаў тваіх; будуць пакланяцца табе сыны бацькі твайго.
Юда — малады леў, сын мой, ад здабычы падняўся ты; адпачыць лёг ён, як леў і быццам львіца, і хто пабудзіць яго?
Юда — малады леў, сын мой, ад здабычы падняўся ты, адпачыць лёг, як леў, і быццам львіца, і хто настрашыць яго?
Не будзе аднятае жазло ад Юды, і кій князя — з-пад ног яго, пакуль не прыйдзе той, чыім яно ёсць і каму скорацца народы.
Ня будзе аднята бэрла ад Юды, і кій пастыра — з-пад ног ягоных, пакуль ня прыйдзе Той, чыім яно ёсьць, і Каму скорацца народы.
Прывязваючы да вінаградніку аслянятка сваё і да ўшчэпу вінаграднага сына асліцы сваёй, памые ў віне адзенне сваё ды ў крыві вінаграду плашч свой.
Прывязваючы да вінаградніка асьлянятка сваё і да ўшчэпу вінаграднага сына асьліцы сваёй, памые ў віне адзеньне сваё ды ў крыві вінаграду плашч свой.
Вочы яго цямнейшыя за віно, і зубы яго бялейшыя за малако.
Пацямнеюць вочы яго ад віна, і зубы яго стануць бялейшыя ад малака.
Забулон на беразе мора будзе жыць і ў прыстані караблёў, пашыраючыся аж да Сідона.
Забулён на беразе мора жыць будзе і ў прыстані караблёў, пашыраючыся аж да Сідону.
Ісахар — асёл дужы, што ляжыць паміж загонаў.
Ісахар — асёл дужы, што ляжыць паміж загарадаў.
Ён убачыў, што супачынак — гэта добра і што зямля — гэта найлепш; і падставіў ён плячо сваё да нашэння, і пачаў служыць за плату.
Ён бачыць, што супачынак добры і што зямля найлепшая; і падстаўляе плячо сваё да нашэньня, стаўшыся слугою падняволеным.
Дан будзе судзіць народ свой як адно з пакаленняў Ізраэля.
Дан будзе судзіць народ свой як адно з пакаленьняў Ізраэля.
Дан станецца змяёю на дарозе, гадзінай на сцежцы, што кусае ногі каня, каб коннік яго падаў назад.
Дан станецца зьмяёю на дарозе, гадзінай на сьцежцы, што кусае ногі каня, каб коньнік ягоны падаў назад.
Чакаць буду, Госпадзе, збаўлення Твайго!
Чакаць буду, Госпадзе, збаўленьня Твайго!
Гад — разбойнікі будуць нападаць на яго, а ён будзе наступаць ім на пяты.
Гад — разбойнікі будуць нападаць на яго, а ён будзе наступаць ім на пяты.
Асэр — сыты хлеб яго, і ён будзе дзяліць раскошы царскія.
Асэр — сыты хлеб ягоны, і ён будзе ўдзяляць раскошы каралеўскія.
Нэфталі — адпушчаная лань, што дае прыгожыя рогі.
Нэфталі — ланя на свабодзе, што дае прыгожыя рогі.
Язэп — урадлівае дрэва, урадлівае дрэва над крыніцаю: галінкі яго выступаюць па-за мурам.
Язэп — урадлівае дрэва, урадлівае дрэва над крыніцаю: галінкі яго выстаюць па-за мурам.
Але дражнілі яго і сварыліся, і варожымі яму былі тыя, якія маюць дроцікі.
Але дражнілі яго і сварыліся, і праціўныя яму былі тыя, каторыя маюць стрэлы.
Ды зламаўся лук іх, і аслаблі мышцы плечаў іх дзякуючы рукам Усемагутнага Якуба, дзякуючы імю Пастыра, Каменя Ізраэля.
Ды зламаўся лук іхні, і аслаблі мышцы плечаў іхніх дзякуючы рукам Усемагутнага Якуба, дзеля імя Пастыра, Каменя Ізраэля.
Бог бацькі твайго будзе Успаможцам тваім, і Усемагутны будзе дабраслаўляць цябе дабраславеннямі нябеснымі з гары, дабраславеннем бездані, што ляжыць унізе, дабраславеннем грудзей і ўлоння.
Бог бацькі твайго будзе ўспамогай тваёй, і Ўсемагутны будзе дабраславіць табе дабраславенствамі нябеснымі з гары, дабраславенствам бездані, што ляжыць унізе, багаславенствам грудзей і ўлоньня.
Дабраславенні бацькі твайго ўзмацніліся па-над дабраславеннямі гораў адвечных і па-над пажаданнямі ўзгоркаў спрадвечных; хай будуць яны на галаве Язэпа і на цемені выбранца між братоў сваіх.
Дабраславенствы бацькі твайго, узмацаваныя па-над дабраславенствы гораў адвечных і па-над пажаданьні ўзгоркаў спрадвечных, хай сплывуць на галаву Язэпу і на верх галавы выбранца між братоў сваіх.
Бэньямін — воўк драпежны, шторання будзе есці здабычу, а вечарам дзяліць здабытак».
Бэн'ямін — воўк драпежны, штораньня будзе есьці здабычу, а вечарам дзяліць здабытае».
Усе яны — гэта дванаццаць пакаленняў Ізраэля. Вось, гэта сказаў ім бацька іх і дабраславіў кожнага паасобку асабістымі дабраславеннямі.
Усе яны — гэта дванаццаць пакаленьняў Ізраэля. Вось гэта сказаў ім бацька іхні і дабраславіў кожнага паасобку асабістымі дабраславенствамі.
А потым даў ім загад, кажучы: «Я далучаюся да народа свайго; дык пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры Махпэла, якая знаходзіцца на полі Эфрона Хетыта,
А потым даў ім загад у гэтыя словы: «Я далучаюся да народу свайго; дык пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры Махпэля, каторая знаходзіцца на полі Эфрона Гетыта,
насупраць Мамрэ, у зямлі Ханаан, якую купіў Абрагам з полем ад Эфрона Хетыта як магілу ва ўласнасць для пахавання.
насупраць Мамрэ, у зямлі Ханаан, каторую купіў Абрагам з полем ад Эфрона Гетыта як магілу на ўласнасьць на пахаваньне памёршых.
Там пахавалі яго і жонку яго, Сару, там пахаваны Ізаак з Рэбэкай, жонкай сваёй, там і Лія ляжыць пахаваная;
Там пахавалі яго (Абрагама) і жонку яго, Сару, там пахаваны Ізаак з Рэбэкай, жонкай сваёй, там і Лія ляжыць пахаваная.
Сгэта поле і пячора, якая на ім, куплена ў сыноў Хетытавых».
Поле і пячора, каторая на ім, набытая ў сыноў Гета».
Скончыўшы даручэнні сынам сваім, паклаў ён ногі свае на ложку і сканаў, і быў далучаны да народа свайго.
І па заканчэньні даручэньняў сынам сваім, палажыў ён ногі свае на ложку і сканаў, і быў далучаны да народу свайго.