Эздры 4 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

А ворагі Юды і Бэньяміна пачулі, што сыны няволі будуюць святыню Госпаду, Богу Ізраэля;
 

і, прыйшоўшы да Зарабабэля і да кіраўнікаў родаў, сказалі ім: «Мы будзем будаваць разам з вамі, бо, як і вы, мы звяртаемся да Бога вашага і складаем Яму ахвяры ад дзён Асархадона, цара асірыйцаў, які прывёў нас сюды».
 

І Зарабабэль, і Ешуа, і іншыя кіраўнікі родаў Ізраэля сказалі ім: «Не належыць нам з вамі будаваць дом Богу нашаму, але мы самі пабудуем самастойна дом Госпаду, Богу Ізраэля, як загадаў нам Кір, цар персаў».
 

Такім чынам, сталася, што пачаў народ зямлі той аблытваць рукі народа юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве.
 

І падкупілі супраць іх дарадчыкаў [цара], каб перашкодзіць намеру іх, ва ўсе дні Кіра, цара персаў, і аж да валадарання Дарыя, цара персаў.
 

А ў цараванне Асуэра, у пачатку яго царавання, напісалі яны абвінавачанне на жыхароў Юдэі і Ерузаліма.
 

І ў дні Артаксэркса напісалі Бэсэлам, Мітрыдат і Табэль ды іншыя, што былі ў нарадзе іх, Артаксэрксу, цару персаў; ліст жа абвінавачвання быў напісаны літарамі сірыйскімі і складзены на сірыйскай мове.
 

Кіраўнік Рэгум і пісар Самсай напісалі цару Артаксэрксу адзін ліст супраць Ерузаліма такога зместу:
 

«Рэгум, кіраўнік, і Самсай, пісар, ды іншыя іх таварышы: суддзі і кіраўнікі, урадоўцы персідскія, эрэкэйцы, бабілонцы, сузанэхэйцы, гэта значыць эламіты,
 

ды з іншых народаў людзі, якіх вялікі і слаўны Асэнапар перасяліў і пасяліў у супакоі ў гарадах Самарыі і ў другіх гарадах за ракою».
 

Вось копія ліста, які паслалі яны да яго: «Цару Артаксэрксу — паслугачы твае, людзі, што жывуць за ракою. Такім чынам,
 

хай ведае цар, што юдэі, якія прыйшлі ад цябе да нас, прыбылі ў Ерузалім, бунтарны і найгоршы горад, які адбудоўваюць, папраўляючы муры яго і ўжо заклалі падмуркі.
 

Цяпер хай цар ведае, што калі той горад будзе адбудаваны і муры яго адноўлены, то яны не дадуць ані падатку, ані даніны, ані харчоў, і гэта ўрэшце прынясе цару шкоду.
 

А як мы, памятаючы пра соль, якую мы елі ў царскім палацы, лічым, што не выпадае нам бачыць знявагу для цара, таму дасылаем цару паведамленне,
 

каб пашукаў ты ў хроніках бацькоў тваіх, і знайшоў у гэтых хроніках, і даведаўся, што гэты горад бунтарны і шкоду прынёс царам і правінцыям, і што падымаюцца ў ім бунты з даўніх часоў; дзеля таго і зруйнаваны быў гэты горад.
 

Таму паведамляем мы цару, што калі гэты горад будзе адбудаваны і муры яго адноўлены, то ты не будзеш мець уладання за ракою».
 

Цар даслаў адказ: «Кіраўніку Рэгуму, і пісару Самсаю, і іншым, што ўваходзілі ў нараду тых, хто жыў у Самарыі і на зямлі за ракою: “Супакой вам!
 

Вось жа, ліст, які прыслалі вы нам, выразна быў прачытаны перада мною.
 

І мною быў выдадзены загад, і шукалі, і знайшлі, што гэты горад ад даўніх часоў паўставаў супраць цароў і што падымаліся ў ім бунты і паўстанні;
 

і цары ў Ерузаліме былі наймагутнейшыя, і яны валадарылі над усёй краінай, што за ракою, і яны бралі падатак, і даніну, і таксама харчы.
 

Ды цяпер загадайце, каб гэтыя людзі спыніліся і каб горад гэты не будаваўся, калі толькі такі загад не будзе дадзены мною.
 

Глядзіце, не занядбайце гэта выканаць, і каб не ўзрасло зло супраць цароў”».
 

Такім чынам, копія загаду цара Артаксэркса была прачытана перад кіраўніком Рэгумам і пісарам Самсаем і іх дарадчыкамі; ды яны спешна выправіліся ў Ерузалім да юдэяў і пад пагрозай сілы забаранілі далейшую працу іх.
 

Тады спынілася праца пры доме Госпада ў Ерузаліме і не праводзілася аж да другога года царавання Дарыя, цара персаў.