Ёва 5 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Дык крычы, калі ёсць той, хто табе адкажа! Да каго са святых звернешся ты?
Бо бязглуздага забівае гняўлівасць, а неразумнага губіць зайздрасць.
Я бачыў бязглуздага, трывала ўкаранёнага, і пракляў я дом яго ў той жа час.
Далёка будуць сыны яго ад збаўлення, і будуць іх штурхаць у браме, і не будзе таго, хто б выбавіў.
Ураджай яго з’есць галодны, а самога яго ўзброены схопіць, і прагныя вып’юць багацце яго.
Бо не з пылу бярэцца няшчасце, і не з зямлі вырастае пакута,
але чалавек спараджае працу, як птушкі ўзнімаюцца ў палёт.
З гэтай прычыны я буду прасіць Госпада і ўзнясу прамову сваю да Бога,
Які чыніць вялікае, і недаследнае, і дзівоснае без ліку;
Які дае дождж на аблічча зямлі і абмывае водамі палеткі;
Які пакорлівых ставіць высока, а тужлівых падтрымлівае выратаваннем;
Які разбівае намеры ліхадзеяў, каб не змаглі рукі іх выканаць тое, што пачалі;
Які ловіць мудрых у хітрасці іх і змову нягоднікаў разбівае.
Днём яны забягуць у цемру і, быццам уночы, будуць навобмацак ісці апоўдні.
Затое Ён выратуе няшчаснага ад меча вуснаў іх і ад рукі пераследніка — беднага;
і будзе спадзяванне няшчаснаму, несправядлівасць жа закрые рот свой.
Шчасны чалавек, якога дакарае Бог; дык ушчуваннем Усемагутнага не пагарджай.
Бо Ён раніць і лечыць, Ён б’е, і рукі Яго аздараўляюць.
Ад шасці бед збавіць цябе, і ў сёмы раз не кране цябе няшчасце.
У голад Ён выбавіць цябе ад смерці, а ў час вайны — ад рукі меча.
Усцеражэшся ты ад бізуна языка і не збаішся спусташэння, калі яно прыйдзе.
У час спусташэння і голаду будзеш ты смяяцца ды не будзеш баяцца звяроў зямных.
Але з камянямі палявымі дамова твая і звяры зямныя будуць да цябе прыязныя.
І ты даведаешся, што палатка твая ў супакоі, і, наведваючы жытло сваё, не дапусціш памылкі.
І даведаешся таксама, што насенне тваё будзе шматлікае і нашчадкі твае — быццам зелле зямное.
І ўвойдзеш у магілу ў гадах саспелых, як ставіцца сноп пшаніцы ў час свой.
Вось, як мы даследавалі гэта, так і ёсць; паслухай гэта і сам зразумей для сябе».