Да Галятаў 6 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Рeraklad V. Hadleuski
Браты, калі б і правініўся чалавек якім праступкам, вы, духоўныя, навучайце такога ў духу ласкавасці, зважаючы на саміх сябе, каб і табе не быць спакушаным.
Насіце цяжары адзін аднаго і гэтым выканайце закон Хрыстоў.
Бо калі хто думае, што ён штосьці, хоць ён нішто, той самога сябе ашуквае.
Хай кожны праверыць сваю дзейнасць, і так толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым.
Кожны бо панясе свой уласны цяжар.
Хай той, хто навучаецца словам, дзеліцца ўсякім дабром з тым, які яго навучае.
Не падманвайце сябе: з Бога не пасмяешся. Што чалавек пасее, тое і пажне;
бо хто сее ў цела сваё, з цела і пажне знішчэнне; а хто сее ў дух, з духа пажне жыццё вечнае.
Не журымася, робячы дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не саслабеем.
Дык вось, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры.
Гляньце, якімі вялікімі літарамі напісаў я вам сваёй рукою.
Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца, каб толькі не цярпець пераследу за крыж Хрыстоў.
Але і тыя, што абразаюцца, самі не пільнуюць закону, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца целам вашым.
А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету.
Бо ў Ісусе Хрысце не мае значэння ані абразанне, ані неабразанне, але новае стварэнне.
І хто будзе трымацца гэтага правіла, таму супакой і міласэрнасць, і Ізраэлю Божаму.
Урэшце, няхай ніхто мне не робіць цяжару, бо я нашу на сваім целе раны Госпада Ісуса.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.