1 летапісаў 21 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Ды паўстаў шатан супраць Ізраэля і заахвоціў Давіда палічыць Ізраэль.
 

І загадаў Давід Ёабу і князям народа: «Ідзіце і палічыце Ізраэль ад Бээр-Сэбы аж па Дан ды прадстаўце мне лік, каб я ведаў».
 

І Ёаб адказаў: «Хай павялічыць Госпад народ свой у сто разоў, чым цяпер. Ці ж, гаспадару мой, цар, не ўсе паслугачы твае? Чаму гаспадар мой дамагаецца таго, што будзе прызнана як грэх для Ізраэля?»
 

Але загад цара больш значыў; дык пайшоў Ёаб, і абышоў увесь Ізраэль, ды вярнуўся ў Ерузалім.
 

Затым падаў Давіду лічбу перапісанага насельніцтва, і ўвесь Ізраэль налічыў мільён і сто тысяч мужчын, што могуць трымаць меч; а ў Юдзе — чатырыста семдзесят тысяч мужчын ваяроў;
 

бо пакалення Леві і Бэньяміна Ёаб не палічыў разам з імі, таму што загад цара ён выконваў пад прымусам.
 

Не падабаўся Богу гэты загад, і Ён пакараў Ізраэль.
 

І прызнаўся Давід Богу: «Надта я зграшыў тым, што я зрабіў; малю, адпусці правіннасць паслугача Свайго, бо надта неразумна паступіў».
 

І загадаў Госпад Гаду Празарліўцу сказаць Давіду:
 

«Ідзі і скажы Давіду вось што: “Гэта кажа Госпад: “Тры пакаранні Я кладу табе; выберы адно, што пажадаеш, каб гэта Я зрабіў табе”».
 

І калі Гад прыбыў да Давіда, сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Выберы, што хочаш:
 

або тры гады голаду, або тры месяцы будзеш бегчы ты ад непрыяцеляў тваіх і не зможаш выратавацца ад меча іх, або тры дні меч Госпадаў і пошасць будзе панаваць на зямлі ды анёл Госпадаў будзе забіваць ва ўсіх граніцах Ізраэля. Дык цяпер глядзі, што маю адказаць Таму, Хто паслаў мяне”».
 

Ды сказаў Давід Гаду: «Адусюль сціскаюць мяне беды, але лепш мне трапіць у рукі Госпада, бо Ён вельмі міласэрны, чым трапіць у рукі людзей».
 

Дык паслаў Госпад пошасць на Ізраэль, і пала ў Ізраэлі семдзесят тысяч людзей.
 

Паслаў таксама Бог анёла ў Ерузалім, каб знішчыць яго. І калі ён нішчыў, глянуў Госпад і злітаваўся дзеля вялікага няшчасця, ды загадаў анёлу нішчыцелю: «Хопіць, спыні ўжо руку сваю». Затым анёл Госпадаў стаў каля току Арнана Евусея.
 

І Давід, падняўшы вочы свае, убачыў анёла Госпадава, які стаяў між зямлёй і небам, і ў руцэ яго быў меч, выцягнуты над Ерузалімам; Давід тады, і старэйшыны, апранутыя ў зрэбніцы, упалі ніц на зямлю.
 

І сказаў Давід Богу: «Ці ж не я той, хто загадаў палічыць народ? Гэта я зграшыў, гэта я дапусціўся ліха, а што зрабіў гэты статак? Госпадзе, Божа мой, малю, хай Твая рука абернецца на мяне і на дом бацькі майго; а хай народ Твой не будзе пакараны».
 

Анёл жа Госпадаў загадаў Гаду сказаць Давіду, каб пайшоў і пабудаваў ахвярнік Госпаду на таку Арнана Евусея.
 

Дык пайшоў Давід па слове Гада, які гаварыў у імя Госпада.
 

Затым Арнан, азірнуўшыся, убачыў анёла, і чатыры сыны яго схаваліся з ім; бо ён у гэты час малаціў на таку пшаніцу.
 

Такім чынам, калі Давід прыйшоў да Арнана, убачыў яго Арнан, і выйшаў яму насустрач ад тока, і пакланіўся яму, упаўшы ніц на зямлю.
 

І сказаў яму Давід: «Адпусці мне месца тока твайго, каб я пабудаваў на ім ахвярнік Госпаду, так што, колькі будзе каштаваць, атрымаеш срэбра, і хай спыніцца кара народа».
 

Сказаў затым Арнан Давіду: «Вазьмі ды хай робіць гаспадар мой, цар, што яму падабаецца; але і валоў даю на цэласпаленні, і матавілы на дровы, дый пшаніцу на ахвяру з ежы; усё гэта ахвотна даю».
 

І сказаў яму цар Давід: «Ніякім чынам, але я дам, колькі каштуе, срэбрам; мне нельга браць ад цябе ды так ускладаць Госпаду ахвяры цэласпалення, узятыя задарма».
 

Дык даў Давід Арнану за поле шэсцьсот сікляў найчысцейшага золата,
 

і пабудаваў там ахвярнік Госпаду, і ўсклаў ахвяры цэласпалення і мірныя ахвяры, і прызваў Госпада. І выслухаў яго, спаслаўшы агонь з неба на ахвярнік цэласпалення,
 

і загадаў Госпад анёлу схаваць меч свой у ножны.
 

Такім чынам, у той час Давід, бачачы, што Госпад выслухаў яго на таку Арнана Евусея, усклаў там ахвяры.
 

Палатка ж Госпадава, якую Майсей пабудаваў у пустыні, і ахвярнік цэласпалення, былі тады на ўзвышшы ў Габаоне;
 

і Давід не адважыўся туды ісці, каб там памаліцца Богу; бо быў надта напалоханы, бачачы меч анёла Госпадава.