Ёва 12 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
«Сапраўды: вы толькі людзі, і з вамі памрэ мудрасць.
І ў мяне ёсць сэрца, як і ў вас, і не ніжэйшы я за вас; хто ж не ведае таго, што вы ведаеце?
Той, хто высмейваецца сваім сябрам, як я, будзе прызываць Бога, і Ён выслухае яго; але будзе высмейвацца беззаганнасць справядлівага.
Свяцільнік занядбаны ў думках тых, якія жывуць бяспечна, прыгатаваны для тых, хто хістаецца ў хадзе.
Спакойныя палаткі рабаўнікоў і бяспечныя для тых, што гнявяць Бога, быццам Бог вядзе іх за руку.
Аднак жа, запытайся ў жывёлы, і яна навучыць цябе, і птушак паднебных, і яны пакажуць табе.
Пагавары з зямлёю, і яна навучыць цябе; і раскажуць рыбы марскія.
Хто з іх усіх не ведае, што рука Божая стварыла ўсё гэта?
У Яго руцэ — душа кожнай жывой істоты і дух усяго цела чалавечага.
Ці ж не вуха адрознівае словы, і ці не паднябенне каштуе сваю ежу?
У старых ёсць мудрасць, а ў даўгавечных — разважнасць.
У Яго ёсць мудрасць і сіла, Ён мае раду і разуменне.
Калі Ён разбурыць, то няма таго, хто адбудуе; калі Ён замкне чалавека, няма таго, хто б адчыніў.
Калі Ён затрымае воды, яны перасохнуць; і калі выпусціць іх, яны зруйнуюць зямлю.
У Яго ёсць сіла і мудрасць, Ён ведае і ашуканца, і таго, каго падманваюць.
Ён выводзіць радцаў пазбаўленымі багацця, а суддзяў — спустошанымі.
Ён развязвае пояс цароў і вяроўкай абвязвае іх сцёгны.
Ён даводзіць святароў да спустошанасці і скідае магнатаў,
змяняючы вусны праўдзівых і забіраючы вучонасць старых.
Вылівае пагарду на князёў і аслабляе пояс магутных.
Ён выяўляе глыбіннае з цемры і выводзіць да святла цень смерці.
Ён памнажае народы і нішчыць іх, і людзей пашырае і губіць, а знішчаных ізноў аднаўляе.
Ён змяняе ход думак зямных валадароў народа і падманвае іх; і ўчыніць Ён, каб яны блукалі па забытых шляхах.
Яны будуць хадзіць навобмацак, быццам у цемры, а не ў святле, і ўчыніць Ён, каб яны блукалі, як п’яныя.