Ёва 20 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

У адказ сказаў Зафар Нааматыт:
 

«Таму разважанні мае зноў абуджаюць мяне, што разуменне заззяла ўва мне.
 

Павучанне, якім ты мяне папракнуў, я выслухаю, а дух разумення майго адкажа мне.
 

Ці не ведаеш ты гэтага ад пачатку, з часу, калі з’явіўся чалавек на зямлі,
 

што радасць несправядлівых кароткая і весялосць бязбожнікаў — быццам імгненне.
 

Калі пыха яго падымецца да неба, і галава яго дакранецца да хмар,
 

як гной, канчаткова прападзе ён, і якія бачылі яго, спытаюцца: “Дзе ён?”
 

Як сон, што адлятае, ён не знойдзецца, праміне ён, як начное марыва.
 

Вока, якое бачыла яго, ужо не ўбачыць, і яго месца больш не будзе глядзець на яго.
 

Сыны яго будуць імкнуцца спадабацца ўбогім, і рукі іх аддадуць яму маёмасць яго.
 

Косці яго, што былі поўныя [сілы] маладосці, разам з ім будуць спаць у парахне.
 

Калі салодкае будзе ў вуснах яго зло, ён схавае яго пад языком сваім,
 

будзе ён шкадаваць яго, ды не кіне яго і будзе трымаць у горле сваім,
 

хлеб яго ва ўлонні яго пераменіцца ў жоўць змяіную знутры.
 

Багацці, якія ён праглынуў, званітуе, і выцягне іх Бог з жывата яго.
 

Піў ён атруту змяіную — і заб’е яго язык гадзюкі.
 

Не ўбачыць ён ручаёў алею, рэк мёду і масла.
 

Верне ён здабытак свой; не праглыне [яго], не будзе цешыцца з багаццяў ад продажу.
 

Бо, выдаткуючы, ён пакрыўдзіў убогіх, абрабаваў дом, а не збудаваў яго.
 

Ніколі не насычаўся жывот яго і ў жаданнях сваіх не мог ён здаволіцца.
 

Нічога не заставалася ад спажывання яго, і таму не застанецца нічога з маёмасці яго.
 

Калі ён наесца, цесна яму будзе, і ўсякая пакута будзе нападаць на яго.
 

Хай напоўніць ён жывот свой: спашле на яго Бог гнеў абурэння Свайго і вылье на яго вайну Сваю.
 

Будзе ўцякаць ён ад жалезнай зброі ды патрапіць пад медны лук.
 

Страла праб’е цела яго, а маланка — печань яго; прыйдуць да яго і апануюць яго жахі,
 

уся цемра, скрытая ў сховішчах яго; паглыне яго агонь, якога не запальваюць; будзе знішчаны ён, калі застанецца ў палатцы сваёй.
 

Нябёсы абвесцяць несправядлівасць яго, і зямля паўстане супраць яго.
 

Будзе знішчаны род дому яго, будзе зрынуты ён у дзень гневу Божага.
 

Такая доля чалавека бязбожнага ад Бога і спадчына, вызначаная яму Госпадам».