Ёва 22 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

У адказ Эліфаз Тэманіт сказаў:
 

«Ці можа чалавек быць карысным Богу, калі ён ледзь разумее, як самому сабе быць карысным?
 

Што за карысць Усемагутнаму, калі ты будзеш справядлівы, або што ты даеш Яму, калі б учыніў беззаганнай дарогу тваю?
 

Ці ж за тваю пабожнасць будзе Ён дакараць цябе і пойдзе на суд з табою?
 

Ды ці ж не праз ліхадзейнасць тваю шматлікую і бясконцую несправядлівасць тваю?
 

Бо ты ўзяў заклад ад братоў тваіх ні за што і з голых здымаў адзенне.
 

Ты не падаў вады спрацаванаму і галоднаму адмаўляўся даць хлеба.
 

Хіба заможнаму чалавеку ўспамогаю будзе зямля і, завалодаўшы, ён будзе жыць на ёй?
 

Удоў адпускаў ты з пустымі рукамі, і плечы сірот абцяжарваў.
 

Дзеля таго акружаны ты пасткамі і трывожыць цябе страх неспадзяваны.
 

І ў цемры ты не бачыш, і напор вады прыціскае цябе.
 

Ці ж Бог не вышэйшы за неба? Паглядзі ўгару на зоркі, як яны высока!
 

А ты кажаш: “Што там ведае Бог? Быццам бы Ён можа судзіць праз імглу.
 

Хмары — покрыва Яго, і не бачыць Ён нашых спраў, і ходзіць [толькі] па крузе нябесным”.
 

Ці ты прагнеш трымацца шляху спрадвечнага, па якім крочылі злачынцы,
 

якія заўчасна былі знішчаны, і рака падмыла іх грунт?
 

Яны казалі Богу: “Адыдзіся ад нас!” і “Што можа зрабіць нам Усемагутны?”
 

Калі Ён багаццем напоўніў дамы іх, іх думкі далёка былі ад Яго.
 

Справядлівыя будуць бачыць і цешыцца, і чалавек беззаганны будзе смяяцца з іх:
 

“Сапраўды прапала маёмасць іх, а рэшту іх паглынуў агонь”.
 

Дык пагадзіся з Ім, і будзь спакойны, і праз гэта будзеш мець найлепшы плён.
 

Прымі з вуснаў Яго закон і пакладзі словы Яго ў сэрцы сваім.
 

Калі навернешся да Усемагутнага, адновішся і адкінеш далёка несправядлівасць ад палаткі сваёй.
 

Прыпадобніш золата да парахна, а камяні Афіра — да рачнога пяску,
 

Усемагутны будзе тваёй крыніцай каштоўных металаў і накопіцца срэбрам для цябе.
 

Тады будзеш мець дастаткова асалод ва Усемагутным і падымеш аблічча сваё да Бога.
 

З пакораю будзеш прасіць Яго, і Ён выслухае цябе, і ты споўніш абяцанні свае.
 

Што пастановіш, прыйдзе да цябе, і на дарогах тваіх будзе свяціць святло.
 

Бо Ён паніжае таго, хто гаворыць пыхліва, а хто апускае вочы, той будзе збаўлены.
 

Ён уратуе нявіннага, і будзеш ты ўратаваны ў чысціні рук сваіх».