Ёва 30 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
Цяпер жа смяюцца з мяне маладзейшыя за мяне гадамі, бацькоў якіх не лічыў я годнымі паставіць побач з сабакамі стада майго;
сіла рук іх мне была не патрэбная, і сіла іх юнацкая ўся звялася.
Бядой і голадам спустошаныя, яны марнелі ў пустыні, у позні час былі віхура і спусташэнне [для іх];
і жывіліся яны травой і карою дрэў, ежай іх быў корань ядлоўцу.
Са свайго асяродка іх выкідалі, крычалі на іх, як на злодзеяў.
І пражывалі яны на берагах рэк ды ў пячорах зямных і каменных.
Раўлі яны між кустоў і збіраліся пад цернямі.
Сыны неразумных і подлых, і выгнаныя прэч з зямлі.
Цяпер абярнуўся я песенькай іх і зрабіўся ім у прыказку.
Ненавідзяць яны мяне, і ўцякаюць далёка ад мяне, і не саромяцца пляваць мне ў твар,
бо Ён раскрыў калчан Свой, і паразіў мяне, і акілзаў вусны мае.
З правага боку паўсталі яны, збілі мяне з ног і нарыхтавалі супраць мяне сцежкі згубы.
Заблыталі яны дарогі мае, паставілі пасткі на мяне і адужалі, не было ніводнага, хто б прынёс дапамогу.
Як праз вылам і адтуліну мура, напалі на мяне і з-пад руінаў рынуліся.
Жахі павярнуліся да мяне; як вецер, прамінае веліч мая; і шчасце маё праляцела, як воблака.
І цяпер выліваецца ўва мне душа мая і дні гора апанавалі мяне.
Ноччу косці мае свідруюцца пакутамі, і тыя, што ядуць мяне, не спяць.
З сілаю дуба трымаецца адзенне маё, і, быццам карсетам, кашуляй аперазалі мяне.
Кінуў Ён мяне ў балота, і стаўся я падобны да пылу і попелу.
Я клічу Цябе, але Ты не чуеш мяне; стаю, але Ты не глядзіш на мяне.
І перамяніўся Ты для мяне ў жорсткага, і ў апантанасці рукі Сваёй варагуеш са мною.
Ты падняў мяне і, пусціўшы, быццам вецер, спустошыў мяне.
Ведаю, што Ты выдасі мяне на смерць, дзе ўсталяваны дом кожнаму жывому.
Ды ўсё ж не на знішчэнне Ён працягвае руку, і ў Яго зыходзе будзе збаўленне.
Ці не плакаў я калісьці над тым, хто пакрыўджаны быў, і ці душа мая не спагадала ўбогаму?
Чакаў я дабра, а прыйшло ліха, і чакаў святла, але прыйшла цемра.
Нутро маё кіпіць несупынна; нахлынулі на мяне дні пакуты.
Хадзіў я з агідным абліччам, без суцяшэння, падымаючыся ў грамадзе, крычаў.
Стаўся я братам драконам і сябрам страусам.
Мая скура пачарнела на мне, і косці мае высахлі ад спякоты.
Перамянілася ў жалобны лямант цытра мая, і дуда мая — у голас плачлівага.