Ёва 33 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Дык пачуй, Ёве, прамову маю і выслухай усе словы мае.
 

Вось, я адкрыў вусны свае, і язык мой гаворыць у горле маім.
 

Ад шчырага сэрца мае словы, і чыстую праўду кажуць вусны мае.
 

Дух Божы ўчыніў мяне, і подых Усемагутнага ажывіў мяне.
 

Калі можаш, адкажы мне, падрыхтуйся перада мною і падыміся.
 

Вось жа, я, як і ты, перад Богам, ды з таго ж самага бруду аддзелены і я.
 

Так што страх, які я наганяю, хай цябе не палохае, і цяжар мой хай не будзе цяжкі для цябе.
 

Тое, што ты сказаў, было ў вушах маіх, і голас слоў тваіх пачуў я:
 

“Чысты я, без граху, беззаганны; і няма правіннасці ўва мне.
 

Паколькі ж Ён знайшоў падставы для скаргаў на мяне, то лічыць мяне Сваім ворагам;
 

ногі мае закаваў у кайданы, пільнуе ўсе шляхі мае”.
 

Вось, ты ў гэтым несправядлівы, адкажу табе, бо Бог большы за чалавека.
 

Чаму ты спрачаешся з Ім, што Ён не адказвае табе на ўсе словы?
 

Раз кажа Бог і другі раз таго самага не паўтарае.
 

Праз сон і ў бачанні начным, калі агортвае сон людзей і калі дрэмлюць яны на ложку,
 

тады адкрывае Ён вушы людзям і ўкладвае Сваё настаўленне,
 

каб адвярнуць чалавека ад таго, што ён чыніць, і вызваліць яго ад пыхлівасці,
 

вырываючы душу яго ад магілы і жыццё яго, каб не трапіў ён у яму смерці.
 

Дакарае яго таксама хваробаю на ложку яго, або болем безупынным у касцях яго.
 

І хлеб агідным становіцца яму ў жыцці яго, і раней прыемная страва — душы яго.
 

Цела яго высыхае на вачах, і косці, якіх не было відаць, адкрываюцца.
 

Набліжаецца Ён да знішчэння ў магіле, і жыццё яго — да сядзібы памерлых.
 

Калі будзе ў яго анёл-звястун, адзін з тысячы, каб абвясціць чалавеку справядлівасць,
 

то злітуецца Бог над ім і скажа: “Вызвалі яго, каб не ішоў ён у магілу, бо Я знайшоў тое, у чым яму можа быць літасць”.
 

Расквітнее цела яго лепш, чым у маладосці, і вернецца ён у дні юнацтва свайго.
 

Ён будзе маліць Бога, і Бог будзе спагадны да яго, і ўбачыць твар яго радасным, і верне чалавеку яго справядлівасць.
 

Спявае ён людзям і кажа: “Я зграшыў і парушыў справядлівасць, але я не адплачана мне.
 

Ён вызваліў душу маю, каб не трапіла ў магілу, але, жывучы, бачыла святло”.
 

Вось, усё гэта робіць Бог два і тры разы з чалавекам,
 

каб адвесці душы іх ад магілы і прасвятліць святлом жывых.
 

Зважай, Ёве, і паслухай мяне, і памаўчы, пакуль я гавару.
 

Калі ж маеш, што сказаць, адкажы мне, гавары, бо хачу, каб ты аказаўся справядлівым.
 

Калі ж не маеш, то паслухай мяне; маўчы, і я навучу цябе мудрасці».