Ёва 35 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Тады Элію вось што сказаў:
 

«Ці справядлівай здаецца табе твая думка, што ты сказаў: “Апраўданне маё — перад Богам”?
 

Бо сказаў ты: “Што карысці табе? Які прыбытак будзе табе, калі б я ўчыніў грэх?”
 

Дык я адкажу на твае прамовы і прыяцелям тваім разам з табой.
 

Глянь на неба і прыгледзься; і паглядзі на хмары, што яны вышэйшыя за цябе.
 

Калі ты ўчыніш грэх, што зробіш ты Яму? А калі злачыннасці твае будуць памнажацца, што зробіш ты супраць Яго?
 

А калі будзеш чыніць справядліва, што падаруеш Яму? Або што атрымае Ён з тваёй рукі?
 

Чалавеку, падобнаму да цябе, бязбожнасць твая пашкодзіць, а справядлівасць твая дапаможа сыну чалавечаму.
 

Ад мноства крыўдзіцеляў будуць крычаць, і стагнаць будуць праз сілу рукі прыгнятальнікаў.
 

Але ніхто не сказаў: “Дзе ж Бог, Які мяне стварыў, Які даў спевы ноччу,
 

Які вучыць нас болей за зямных жывёл, і больш за птушак паднебных дае нам мудрасць?”
 

Там яны лямантуюць, але Ён не выслухае з прычыны пыхлівасці злачынцаў.
 

Канешне, марна: не пачуе Бог і не ўбачыць Усемагутны.
 

Хоць ты сказаў: “Ня бачу Яго”, але суд перад Ім — чакай яго.
 

І цяпер, калі ты гаворыш: “Гнеў Яго не прыносіць пакаранняў, і Ён не помсціць моцна за злачынства”;
 

надарма Ёў адчыніў вусны свае і бяздумна словы памнажае».