Ёва 36 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
І ў дадатак Элію вось што сказаў:
«Пачакай мяне хвілінку, і я пакажу табе: бо я маю яшчэ нешта сказаць пра Бога.
Паўтару навуку маю здалёк і Творцу майму аддам справядлівасць.
Бо праўдзівыя і без падману словы мае, і перад табой [я] дасканалы ў веданні.
Не дасць Бог магутны і не адкідае Магутны моцаю сэрца,
не дасць Ён жыць бязбожніку, але чыніць суд для бедных.
Не адверне Ён ад справядлівага вачэй сваіх і цароў на пасадзе размяшчае на векі, і яны ўзвышаюцца.
І, калі яны будуць закаваныя ў кайданы і звязаныя путамі бядоты,
Ён пакажа ім справы іх і злачынствы іх, што яны былі гвалтоўныя.
І адкрые Ён вуха іх, каб навучыць іх з дакорам, і будзе гаварыць ім, каб адвярнуліся ад злачыннасці.
Калі паслухаюцца і будуць шанаваць Яго, то пражывуць свае дні ў дабрабыце і свае гады ў шчасці.
А калі не паслухаюцца, то пройдуць праз раку смерці і загінуць у безразважнасці.
А бязбожнікі складаць будуць гнеў Божы ў сваім сэрцы і не прызавуць Яго, калі будуць скаваныя.
Памрэ ў маладосці дух іх, і жыццё іх — у юнацтве.
Ён уратуе беднага ад нястачы яго і адкрые вуха ў бядзе яго.
Дык выбавіць Ён цябе з уціску, і будзе прастора, а не цяснота перад табою, і будзе поўнае тлушчу ўсё на стале тваім.
Справа твая асуджана, быццам бязбожніка; яны атрымаюць суд і справядлівасць.
Сцеражыся, каб не звяло цябе багацце і мноства дароў не скрывіла цябе.
Ці будзеш ты крычаць і выкарыстоўваць усе намаганні сілы тваёй, пакуль ты не ў цясноце?
Не чакай прагна той ночы, каб узняўся натоўп дзеля іх.
Сцеражыся, каб не звярнуўся да злачынства, бо праз яго спазнаеш ты гора.
Вось жа, Бог высокі ў моцы Сваёй, які настаўнік падобны да Яго?
Хто зможа прасачыць дарогі Яго, або хто можа Яму сказаць: “Ты ўчыніў несправядлівасць”?
Памятай, каб услаўляць справу Яго, пра якую спяваюць мужы.
Усе людзі бачаць Яго, кожны прыглядаецца здалёк.
Вось жа, Бог вялікі і пераўзыходзіць веданне наша; лік гадоў Яго невызначальны.
Ён збірае кроплі дажджу і вылівае ліўні ракою,
іх праліваюць хмары, скропліваючы многіх людзей.
Хто, сапраўды, можа зразумець разлегласць хмар, грымоты палаткі Яго?
Вось, Ён расцягнуў вакол Сябе маланкі Свае і накрыў глыбіні мора.
Праз іх Ён судзіць народы і шчодра корміць іх.
У руках сваіх Ён трымае маланку і загадвае ёй, каб біла.
Грукат яе паведамляе аб ёй, палаючы гневам супраць злачыннасці.