Псалтыр 105 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
Вызнавайце Госпада і прызывайце імя Яго, абвяшчайце між народамі пра справы Яго.
Спявайце Яму і грайце псальмы Яму, апавядайце пра ўсе Яго цуды.
Пахваляйцеся іменем святым, хай цешыцца сэрца тых, што шукаюць Госпада.
Шукайце Госпада і магутнасці Яго, аблічча Яго шукайце заўсёды.
Памятайце пра цуды Яго, якія ўчыніў, знакі Яго і прысуды Яго вуснаў.
Патомства Абрагамава, слугі Яго, сыны Якубавы, выбраннікі Яго.
Ён, Госпад Бог наш; па ўсёй зямлі суды Яго.
Памятае Ён вечна пра Свой запавет, пра абяцанне, якое даў Ён на тысячу пакаленняў,
на прымірэнне, якое ўсталяваў Ён з Абрагамам, і пра прысягу Сваю Ізааку.
Устанавіў Ён гэта для Якуба, як закон для Ізраэля, як вечнае прымірэнне,
кажучы: «Табе дам зямлю Ханаан, як шнур спадчыны вашай»,
калі былі лікам малымі, вельмі нешматлікімі і прыхаднямі ў ёй
і вандравалі ад племя да племя і ад валадарства да другога народа,
не дазволіў Ён, каб [які] чалавек крыўдзіў іх і пакараў за іх цароў:
«Не чапайце намашчэнцаў Маіх і прарокам Маім не рабіце зла».
А потым наклікаў голад на зямлю, і змарнаваў увесь запас хлеба.
Паслаў перад імі чалавека; у няволю быў прададзены Язэп.
Сціснулі кайданамі ногі яму, у жалеза ўвайшла шыя яго,
пакуль не надышло слова Яго, пакуль прамова Госпада не ачысціла яго.
Паслаў цар і вызваліў яго, валадар народаў даў яму волю;
устанавіў яго гаспадаром над сваім домам і князем над ўсёй сваёй маёмасцю,
каб вучыў ён князёў яго паводле волі сваёй і каб яго старцаў навучаў мудрасці.
І ўвайшоў Ізраэль у Егіпет, і Якуб стаў прыхаднем у зямлі Хама.
І Ён размножыў вельмі народ Свой і зрабіў яго мацнейшым за яго непрыяцеляў.
І павярнуў Бог іх сэрца, каб у нянавісці мелі народ Яго і каб хітрасць чынілі супраць слуг Яго.
Паслаў Ён Майсея, слугу Свайго, Аарона, якога абраў.
Паклаў Ён на іх словы знакаў Сваіх і цудаў у зямлі Хама.
Наслаў цемру і зрабіў цёмна, але яны працівіліся словам Яго.
Перамяніў воды іх у кроў і вынішчыў іх рыбаў.
Спарадзіла іх зямля жабаў аж да пакояў цароў іх.
Сказаў Ён, і прыляцела хмара мух, і скініфы — па ўсіх межах іх.
Учыніў Ён ім град замест дажджу і агонь палымяны ў зямлі іх.
Пабіў вінаград іх і фігі іх і панішчыў дрэвы ў іх межах.
Сказаў, і нахлынула саранча і вусені, якім не было падліку.
І пажэрла яно ўсю траву ў іх зямлі, і пажэрла яно плод зямлі іх.
І пабіў усіх першародных у зямлі іх, пачаткі ўсёй сілы іх.
І вывеў іх з серабром і золатам, і не было ў іх пакаленні хворага.
Узвесяліўся Егіпет з выхаду іх, бо паў на іх страх дзеля Ізраэльцаў.
Расцягнуў Ён хмару, нібы покрыва, і агонь, каб свяціў ім уночы.
Прасілі, і прыляцела перапёлак, і хлебам з неба карміў іх.
Рассек скалу, і паплылі воды, і пацяклі рэкі ў пустыню.
Бо помніў Ён Сваё святое слова да Абрагама, слугі Свайго.
І вывеў Свой народ у радасці, выбраннікаў Сваіх — з весялосцю.
І даў ім землі паганаў, і авалодалі яны працаю народаў,
каб захоўвалі прыказанні Яго і законы Яго выконвалі. Алілуя.