Псалтыр 148 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
Алілуя. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях.
Хваліце Яго, усе анёлы Яго, хваліце Яго, усе магуцці Яго.
Хваліце Яго, сонца і месяц, хваліце Яго, усе зоркі бліскучыя.
Хваліце Яго, нябёсы нябёсаў, і ўсе воды, якія над небам.
Хваліце імя Госпада, бо загадаў Ён, і ўсё было створана;
устанавіў Ён гэта навечна і на векі вечныя, паклаў загад, і не зменіць [яго].
Хваліце Госпада з зямлі, марскія драконы і ўсе бяздонні,
агонь, град, снег, імгла, вецер навальнічны, які спаўняе слова Яго,
горы і ўсе ўзгоркі, дрэвы пладовыя і ўсе кедры,
дзікія звяры і ўсякая жывёла, паўзуны і птушкі крылатыя.
Цары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе суддзі зямлі,
юнакі і дзяўчаты, старыя з падлеткамі
хай славяць імя Госпада, бо ўзвысілася імя аднаго Яго. Веліч Яго вышэй за неба і зямлю,
і ўзвысіў Ён рог народа Свайго. Песнь хвалы ўсім святым Яго, сынам Ізраэля, народа, які Яму блізкі. Алілуя.