Псалтыр 30 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
Псальм. Песня на ўрачыстасць пасвячэння святыні. Давідаў.
Буду ўзвялічваць Цябе, Госпадзе, бо Ты выцягнуў мяне і не даў ворагам маім пацяшацца з мяне.
Госпадзе, Божа мой, я ўсклікаў да Цябе, і Ты аздаравіў мяне.
Госпадзе, Ты вывеў з пекла душу маю, ажывіў мяне, каб не сышоў я ў магілу.
Спявайце псальмы Госпаду, святыя Яго, і падзяку складайце на ўспамін святасці Яго,
бо гнеў Яго — на імгненне, і жыццё — у зычлівасці Яго. Увечары трывае плач, а на золаку — радасць.
А я сказаў у бестурботнасці маёй: «Не пахіснуся навек».
Госпадзе, у зычлівасці Тваёй Ты аздобіў цнотай мяне, Ты схаваў аблічча Тваё, і я ўстрывожыўся.
Да Цябе я, Госпадзе, клікаў і да Бога майго звяртаўся.
Што за карысць з крыві маёй ды ад сыходу майго ў парахненне? Ці ж пыл будзе вызнаваць Цябе, ці ж будзе праўду Тваю абвяшчаць?
Пачуў Госпад і злітаваўся нада мною, Госпад стаўся памочнікам маім.
Ты замяніў нараканне маё ў скокі, парваў зрэб’е маё і радасцю падперазаў мяне,
каб спявала Табе хвала мая і не маўчала. Госпадзе, Божа мой, вечна буду праслаўляць Цябе.