Псалтыр 32 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Давідаў. Маскіль. Шчасны той, каму адпушчана беззаконне і чые грахі прыкрытыя.
 

Шчасны чалавек, якому Госпад не залічыў граху і ў душы якога няма крывадушша.
 

Калі я маўчаў, састарэлі косці мае ад стагнання майго цэлы дзень.
 

Калі днём і ноччу цяжыла нада мною рука Твая, змянілася жыццёвая сіла мая ў летнюю суш.
 

Дык выявіў я Табе правіну маю і не затаіў несправядлівасці сваёй. Я сказаў: «Вызнаю супраць сябе вінаватасць маю перад Госпадам». І Ты адпусціў бязбожнасць граху майго.
 

Дзеля таго стане кожны святы маліцца Табе ў час адпаведны. Калі нават узнімуцца велічэзныя воды, да яго не наблізяцца яны.
 

Ты мой прытулак, Ты мяне ад бяды захаваеш, радасцю збаўлення будзеш атачаць мяне.
 

Дам разуменне табе і накірую цябе на шлях, па якім ты павінен ісці; умацую вочы Мае над табою.
 

Не будзьце, як конь або мул, якія разумення не маюць; якім сківіцы трэба акілзаць аброццю і цуглямі, каб яны падышлі да цябе.
 

Пакуты бязбожніка шматлікія, а таго, хто на Госпада спадзяецца, Ён атачае міласэрнасцю.
 

Цешцеся ў Госпадзе і весяліцеся, справядлівыя, хвалу спявайце, усе чыстыя сэрцам.