Псалтыр 51 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Кіраўніку хору. Псальм. Давідаў.
 

Калі прыбыў да яго прарок Натан, пасля таго як учыніў ён грэх з Бэтсэбай.
 

Злітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасці Тваёй; і паводле мноства літасцівасці Тваёй зруйнуй правіннасць маю.
 

Яшчэ больш абмый мяне ад правіннасці маёй і ад граху майго ачысці мяне.
 

Бо я прызнаю правіннасць маю, і грэх мой заўсёды перада мною.
 

Перад Табой, перад Табой адзіным зграшыў я і тое, што ліхім ёсць перад Табою, дапусціў я. Ты справядлівы у прысудзе Тваім і пераможаш на судзе Тваім.
 

Вось жа нарадзіўся я ў правіннасці, і ў граху пачала мяне маці мая.
 

Вось жа палюбіў Ты праўду ў сэрцы і патаемна адкрыў Ты мне мудрасць.
 

Пакрапі мяне гізопам — і стану чыстым, памый мяне — і стану бялейшы за снег.
 

Дай мне пачуць пацеху і весялосць, і ўзрадуюцца косці, якія Ты паламаў.
 

Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх, і зруйнуй усе мае правіннасці.
 

Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і моцны дух аднаві ва ўлонні маім.
 

Не адганяй мяне ад Твайго аблічча і Духа Святога Твайго не адбірай у мяне.
 

Вярні мне пацеху збаўлення Твайго і самым руплівым духам узмацуй мяне.
 

Буду вучыць я збачэнцаў з Тваіх дарог, і тады бязбожнікі вернуцца да Цябе.
 

Вызваль мяне ад [віны пралітай] крыві, Божа, Божа збаўлення майго. Хай славіць радасна язык мой справядлівасць Тваю.
 

Госпадзе, адчыні вусны мае, і вусны мае стануць апавяшчаць Тваю хвалу.
 

Але ж не пацяшае Цябе ахвяра, цэласпаленне, калі прынясу яго, Табе не спадабаецца.
 

Ахвяра Богу — дух спакутаваны; сэрца стурбаванага і пакорлівага, Божа, Ты не адцураешся.
 

Будзь спагадлівым, Госпадзе, у Сваёй добразычлівасці да Сіёна, каб збудаваліся муры Ерузаліма.
 

Тады прымеш Ты ахвяру справядлівасці, прынашэнні і цэласпаленні; тады буду складаць на ахвяру Табе цялят.