Псалтыр 65 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Песня.
Божа, Ты варты гімна на Сіёне; і перад Табой хай споўніцца абяцанне ў Ерузаліме.
Ты выслухоўваеш малітвы; да Цябе прыходзіць кожнае цела з-за грахоў,
і нават пры цяжары бязвер’я нашага Ты спагадаеш нам.
Шчасны той, каго Ты абярэш і прымеш; будзе жыць ён у палацах Тваіх. Мы напоўнімся дабротамі дому Твайго, святасцю святыні Тваёй.
Дзівосным чынам у справядлівасці Ты пачуеш нас, Божа збаўлення нашага, надзея ўсіх канцоў зямлі і далёкага мора.
Ты — што ўмацоўваеш горы магуццем Тваім, апярэзаны сілаю.
Ты — што глушыш шум мора, шум хваль яго і бунт народаў.
І будуць баяцца тыя, што насяляюць межы зямлі, знакаў Тваіх; ускрайкі ўсходу і захаду Ты пацешыш.
Наведаў Ты зямлю і навадніў яе, узбагаціў Ты яе разнастайна. Ручай Бога поўны водамі; уладкаваў Ты хлеб іх, бо так уладкаваў Ты яе.
Ты — што барозны яе вадою поіш, Ты — што глебу яе раўняеш; Ты змягчаеш яе дажджамі, дабраслаўляеш яе пладамі.
Ты ўвянчаў год дабром Тваім, і сляды Твае будуць струменіцца тлушчам.
Будуць струменіцца пустынныя выганы, і ўзгоркі апяражуцца радасцю.
Лугі апрануліся ў авечак, і лагчыны напоўняцца хлебам; будуць усклікаць яны і гімн [Табе] заспяваюць.