Псалтыр 71 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

У Табе, Госпадзе, маю надзею: не пасаромлюся навек.
 

У Сваёй справядлівасці вызваляй мяне і ратуй мяне, нахілі да мяне сваё вуха і збаў мяне.
 

Будзь для мяне скалой абароны і ўмацаваным домам, каб збавіў Ты мяне, бо Ты цвярдыня мая і прыстанішча маё.
 

Божа мой, вырві мяне з рукі грэшніка і з рукі беззаконнага і несправядлівага.
 

Бо Ты — чаканне маё, Госпадзе; Госпадзе, надзея мая ад юнацтва майго.
 

На Табе я ўгрунтаваўся ад нараджэння, з улоння маці маёй Ты апякун мой, для Цябе хвала мая заўсёды.
 

Мо дзіўным паказаўся я для многіх, а Ты — магутны Успаможца.
 

Хай напоўняцца вусны мае хвалою Тваёй, цэлы дзень — веліччу Тваёй.
 

Не адпіхай мяне ў часіну старасці; калі саслабее магуцце маё, не пакідай мяне.
 

Бо намаўлялі непрыяцелі мае на мяне і тыя, што падпільноўвалі душу маю, учынілі змову,
 

кажучы: «Бог пакінуў яго! Даганіце і схапіце яго, бо няма Таго, Хто ўратуе».
 

Божа, не аддаляйся ад мяне, Божа мой, паспяшы мне на дапамогу.
 

Хай пасаромяцца і знікнуць тыя, што варожа ставяцца да душы маёй; хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю тыя, што шукаюць для мяне ліха.
 

А я вось буду заўсёды спадзявацца і памнажаць буду кожную хвалу Тваю.
 

Вусны мае абвясцяць справядлівасць Тваю, цэлы дзень — збаўленне Тваё, бо не ведаю ёй межаў.
 

Прыйду я да сіл Госпада; буду ўспамінаць я толькі пра Тваю справядлівасць.
 

Божа, Ты вучыў мяне ад юнацтва майго, а я аж дасюль абвяшчаю цуды Твае.
 

І да самай старасці і нямогласці, Божа, не пакідай мяне, аж пакуль абвяшчаць буду пра магутную руку Тваю кожнаму пакаленню, якое прыйдзе ў будучым. Сіла Твая
 

і справядлівасць Твая, Божа, аж да вышыняў, учыніў Ты вялікія справы: Божа, хто ж падобны да Цябе?
 

Ты паказаў мне шматлікія і ліхія беды; ды зноў ажывіў Ты мяне і з бездані зямной ізноў вывеў.
 

Ты памнож велічнасць маю і, вярнуўшыся, суцеш мяне.
 

Я таксама буду вызнаваць Цябе, у псалтыры — праўду Тваю, Божа мой, спяваць псальмы Табе буду на гуслях, о Святы Ізраэльскі.
 

Радавацца будуць мае вусны, калі буду спяваць Табе, і мая душа, якую Ты адкупіў;
 

але і язык мой цэлы дзень разважаць будзе пра справядлівасць Тваю, бо пасаромяцца і баяцца будуць тыя, што шукаюць ліха на мяне.