Псалтыр 73 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
Псальм Асафа. Які ж добры Бог для прастадушных! Ён Госпад тым, хто чысты сэрцам.
А мае ногі ледзь не спаткнуліся, ледзь не абарваліся крокі мае,
бо пазайздросціў я бязбожным, гледзячы на спакойнае жыццё грэшнікаў.
Бо няма для іх ніякіх перашкод, здаровае і сытае чэрава іх.
На працы чалавечай няма іх і не церпяць яны бічаванняў разам з людзьмі.
Таму пыха ў іх — як каралі, і імкненне да гвалту, як адзенне, пакрыла іх.
Выступае, быццам з тлустай глебы, несправядлівасць іх, вырываюцца вонкі задумы сэрца.
Здзекуюцца яны і прамаўляюць благое, з высокай пасады несправядліва прамаўляюць.
Размясцілі яны на небе вусны свае, а язык іх прайшоў па зямлі.
Таму і сядзяць яны на вышыні, і поўныя воды не дойдуць да іх.
І сказалі яны: «Адкуль ведае Бог, і ці ёсць веданне ва Узвышняга?
Вось, тыя самыя грэшнікі і тыя, што жывуць багата ў свеце, атрымалі яшчэ большае багацце».
І сказаў я: «Значыць не дарэмна ачысціў я сэрца сваё і ў беззаганнасці вымыў рукі мае;
і цярпеў я бічаванні цэлы дзень, і пакаранне маё — раніцаю».
Калі б сказаў я: «Я буду гаварыць, як тыя», то здрадзіў бы роду Тваіх сыноў.
І я разважаў, як жа зразумець гэта; напружанне было ў вачах маіх,
пакуль не паглыбіўся ў святую справу Божую і не асэнсаваў іхняга канца.
Памясціў Ты іх сапраўды на коўзкай дарозе, скінуў іх у бездань.
Якімі ж спустошанымі засталіся яны! Нечакана збяднелі яны, загінулі ад жаху.
Быццам сну пасля абуджэння, Ты адцураешся іх, узняўшыся.
Паколькі раздражнялася сэрца маё і нутро маё кіпела,
і я быў неразумны і нічога не ведаў: як жывёла, быў я перад Табою.
Але я заўсёды з Табою, Ты трымаеш правую маю руку.
Вядзеш мяне сваёю парадаю і ў канцы прымеш мяне ў хвалу.
Каго, апроч Цябе, маю я ў небе? І калі я з Табою, зямля мяне не захапляе.
Знемаглося цела маё і сэрца маё. Скалой-апорай сэрца майго і доляй маёй вечнай — Бог.
Бо вось, тыя, што адступаюць ад Цябе, пагінуць. Выгубіш усіх, што адкінуліся ад Цябе на распусту.
Мне ж добра быць блізка да Бога, мець у Госпадзе Богу прытулак сабе. Абвяшчу пра ўсе справы Твае ў брамах Сіёна.