Псалтыр 75 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Кіраўніку хору. Паводле «Не знішчай» Псальм. Асафа. Песня.
 

Будзем вызнаваць Цябе, Божа; будзем вызнаваць і прызываць імя Тваё: будзем распавядаць пра цуды Твае.
 

Калі ўстанаўлю час, буду судзіць Я па справядлівасці.
 

Калі расцяклася зямля і ўсе, што жылі на ёй, Я ўмацаваў апоры яе.
 

Я сказаў тым, што выхваляюцца: «Не выхваляйцеся!» і тым, што ўчыняюць злачынствы: «Не ўздымайце рог!
 

Не ўздымайце дагары рог ваш; не прамаўляйце нахабстваў супраць Бога».
 

Бо пыха — ані з усходу, ані з захаду, ані з пустыні.
 

Бо Бог — суддзя: аднаго прынізіць, а другога ўзвялічыць.
 

Бо ў руцэ Госпада — келіх чыстага віна, поўны сумесі. І Ён пераліў з аднаго ў другое; і ўсё ж будуць выпіваць аж да асадку, будуць піць усе грэшнікі зямлі.
 

А я буду абвяшчаць у вяках, буду спяваць Богу Якубаву.
 

І патрушчу я ўсе рогі грэшнікаў; і ўзвысяцца рогі справядлівага.