Псалтыр 83 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Песня. Псальм. Асафа.
 

Божа, не суцішвайся, не маўчы, не супакойвайся, Божа.
 

Бо вось, загаманілі Твае непрыяцелі, і тыя, што ненавідзяць Цябе, паднялі галовы.
 

Учыняюць яны ліхую нараду супраць Твайго народа, радзяцца супраць тых, каго Ты ўхаваў.
 

Кажуць: «Ідземце і вынішчым іх з-паміж народаў і хай не ўпамінаецца больш імя Ізраэля».
 

Бо надумляюць яны адзінадушна, супраць Цябе ўсталёўваюць пагадненне;
 

у паселішчы ідумеяў і ізмаэльцаў, маабіцян і агарэяў,
 

Гэбал і Амон ды Амалек, край Філістэя, з жыхарамі Тыра.
 

Таксама і асірыйцы здружыліся з імі і сталі паплечнікамі Лотавых сыноў.
 

Зрабі і гэтым, як зрабіў Мадыяну ці Сісару або Явіну над ручаём Кісон.
 

Яны загінулі каля Эн-Дора і сталіся гноем для зямлі.
 

З князямі іх учыні падобна, як з Арэбам і Зэбам, як з Зэбахам і Салманам і з усімі іх князямі,
 

якія сказалі: «Успадкаемім сабе пашу Божую».
 

Божа мой, зрабі іх падобнымі да кола і быццам саломінку на ветры.
 

Як агонь, што паліць лес, і як полымя, што абсмальвае горы,
 

так пераследуй іх грымотамі Сваімі і бураю Сваёй стурбуй іх.
 

Напоўні твары іх сорамам, і няхай прызываюць імя Тваё, Госпадзе.
 

Хай пачырванеюць і збянтэжацца на векі вечныя, і пасаромеюцца, і загінуць,
 

і хай спазнаюць, што імя Табе — Госпад: Ты адзін — Найвышэйшы над усёй зямлёй.