Псалтыр 98 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Псальм. Спявайце Госпаду новую песню, бо ўчыніў Ён цуды. Паратунак у правіцы Яго і ў руцэ святой Яго.
 

Госпад абвясціў Сваё збаўленне, на віду паганаў аб’явіў Ён Сваю справядлівасць.
 

Успомніў Ён пра міласэрнасць Сваю і пра праўду Сваю для дома Ізраэля. Убачаць усе канцы свету збаўленне Бога нашага.
 

Услаўляй гучна Бога, уся зямля, выбягайце, радуйцеся і грайце псальмы.
 

Грайце Госпаду на цытры, на цытры і з гукамі псальма.
 

На срэбных трубах і пад гукі рога спявайце гучна славу перад абліччам Госпада Валадара.
 

Хай шуміць мора і ўсё, што яго запаўняе, увесь сусвет і тыя, што ў ім пражываюць.
 

Хай рэкі плешчуць у далоні і разам радуюцца горы
 

перад Госпадам, бо прыходзіць Ён судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусвет па справядлівасці і народы — па праўдзе.