Выслоўяў Саламонавых 18 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
Зручных выпадкаў шукае той, хто жадае пазбавіцца сябра; раздражняе яго ўсякая парада.
Бязглузды не адчувае асалоду ад разважлівасці — а толькі ад паказу ўласнага розуму.
Калі прыйдзе бязбожнік — прыйдзе і пагарда, а з ганьбай — знявага.
Словы з вуснаў чалавека — глыбокая вада, а крыніца мудрасці — багатая плынь.
Нядобра прымаць чалавека бязбожнага, каб пахіснуць справядлівага ў законнасці яго.
Вусны бязглуздага змешваюцца са сваркамі, а рот яго выклікае пабоі.
Рот бязглуздага — яго пагібель, а вусны яго — пастка для душы яго.
Словы плеткара — быццам салодкія, і самі даходзяць да глыбіні чэрава.
Той, хто ў працы сваёй млявы і нядбайны, той — брат знішчыцеля.
Наймацнейшая цытадэль — імя Госпада; да яе спяшаецца справядлівы, і там ён узвысіцца.
Маёмасць багатага — трывалы горад яго, яна — быццам мур высокі ў думцы яго.
Перад знішчэннем узвышаецца сэрца чалавечае, і перад услаўленнем — уціхамірваецца.
Хто спярша гаворыць, а потым слухае, — таму бязглуздасць і ганьба.
Дух чалавечы пераносіць немач сваю, але хто зможа падтрымаць зруйнаваны дух?
Сэрца разважлівае будзе валодаць ведамі, і вуха мудрых шукае ведаў.
Дар чалавека пашырае дарогу яго і да кіраўнікоў даводзіць яго.
Хто першы гаворыць у спрэчцы — лічыцца справядлівым, а прыходзіць сябар яго і выкрые яго.
Жэрабя спыняе спрэчкі і таксама вырашае паміж магутнымі.
Брат, якога абражаюць, мацнейшы за моцны горад, а сваркі — як крэпасці гарадоў.
З плода вуснаў чалавека насыціцца чэрава яго, а спараджэнні ўласных вуснаў уволю накормяць яго.
Смерць і жыццё ў руцэ языка; хто яго любіць — будзе есці плады яго.
Хто знайшоў добрую жонку — знайшоў дабро і атрымаў ласку ад Госпада.
Калі бедны гаворыць з маленнямі, то багаты будзе гаварыць жорстка.
Чалавек можа быць паранены сябрамі, але ёсць сябар, які бліжэй за брата.