Выслоўяў Саламонавых 3 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Сыне мой, не забывайся на закон мой, і хай сэрца тваё беражэ прыказанні мае;
 

бо яны табе прыбавяць працягласць дзён, гады жыцця і супакой.
 

Хай міласэрнасць і праўда не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю сваю і запішы на скрыжалях сэрца свайго,
 

і знойдзеш ты ласку і спагаду ў вачах Бога і людзей.
 

Спадзявайся на Госпада ад усяго сэрца свайго і не спадзявайся на разважлівасць сваю.
 

Думай аб Ім на ўсіх шляхах тваіх, і Ён накіруе крокі твае.
 

Не будзь мудрацом перад самім сабою; шануй Бога і пазбягай ліха,
 

бо гэта будзе здароўем для цела твайго і падсілкоўваннем для касцей тваіх.
 

Ушаноўвай Госпада ад усёй маёмасці тваёй і ад пачаткаў усіх пладоў тваіх,
 

і напоўняцца свірны твае збожжам, а давільні твае будуць багатыя на віно.
 

Не адкідай, сыне мой, настаўленне Госпадава і не пагарджай ім, калі Ён будзе караць цябе,
 

бо каго любіць Госпад — таго карае і, як бацька, спагадае сыну Свайму.
 

Шчасны чалавек, які знайшоў мудрасць і які звярнуўся да разважлівасці:
 

набыццё яе лепш за гандаль срэбрам, а прыбытак — хутчэй, чым ад золата.
 

Яна каштоўнейшая за ўсе самацветы; і не могуць з ёй параўнацца ніякія твае каштоўнасці;
 

працягласць дзён — у яе правай руцэ, а ў яе левай руцэ — багацце і слава.
 

Дарогі яе — дарогі прыгожыя, і ўсе яе сцежкі — мірныя.
 

Яна — дрэва жыцця для тых, хто авалодвае ёю, і шчасны той, хто трымаецца яе.
 

Госпад мудрасцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў разважлівасцю;
 

з Яго мудрасці парасчыніліся бездані і аблокі струменяцца расою.
 

Сыне мой, не ўпускай іх з вачэй сваіх; беражы разважлівасць і розум —
 

і будзе жыццё для душы тваёй і ласка для шыі тваёй;
 

тады пойдзеш упэўнена па дарозе сваёй і нага твая не спатыкнецца.
 

Калі заснеш, не будзеш мець страху, будзеш адпачываць — і сон твой будзе прыемны.
 

Не бойся раптоўнага страху і збянтэжанасці, што ахоплівае цябе з-за бязбожнікаў, калі яна прыйдзе.
 

Бо Госпад будзе на тваім баку і захавае нагу тваю, каб цябе не захапілі.
 

Не адмаўляй у дабрадзействе таму, каму яно патрэбна, калі ва ўладзе рукі тваёй, каб ты зрабіў гэта.
 

Не кажы сябру свайму: «Ідзі і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», — калі можаш даць зараз.
 

Не задумвай ліха супраць сябра свайго, калі ён з даверам сядзіць побач з табою.
 

Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён сам не зрабіў табе нічога благога.
 

Не зайздросці чалавеку несправядліваму і не наследуй шляхам яго,
 

бо агіднасць для Госпада — усякі крывадушны чалавек, а з сумленнымі — сяброўства Яго.
 

Праклён Госпада — на доме бязбожніка, а жыллё справядлівых будзе Ім дабраслаўляцца.
 

Ён Сам пасмяецца з кпліўцаў і дасць ласку пакорлівым;
 

мудрыя будуць мець славу, веліч бязглуздых — ганьба.