Выслоўяў Саламонавых 6 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Калі ты паручыўся, сыне мой, за сябра свайго, ты даў руку тваю за другога;
 

ты аблытаў сябе словамі вуснаў сваіх і злоўлены ты сваімі ўласнымі размовамі.
 

Такім чынам, зрабі, што гавару, сыне мой, вызвалі сябе, бо трапіў ты ў рукі блізкага свайго; бяжы, кінься ў ногі, упрошвай сябра свайго.
 

Не давай сну вачам сваім і дрымоты павекам сваім.
 

Вырывайся, як сарна з сеткі і як птушка з рукі птушкалова.
 

Ідзі да мурашкі, гультай, і паглядзі на рухі яе і вучыся мудрасці.
 

Яна, хоць не мае валадара, ані стоража, ані кіраўніка,
 

улетку загатаўляе ежу сабе і збірае тое, што яна есць, у час жніва.
 

Дакуль, гультай, будзеш спаць? Калі падымешся са сну свайго?
 

Крыху паспіш, крыху падрэмлеш, крыху складзеш рукі, каб паспаць,
 

і прыйдзе да цябе беднасць, як падарожны, і галеча, як узброены чалавек.
 

Чалавек несправядлівы, чалавек небяспечны ходзіць з крывадушнымі вуснамі;
 

міргае вачамі, тупае нагою, пальцам знакі дае.
 

Ліха задумваецца ў сэрцы яго, увесь час сее ён раздоры і бяду.
 

Таму раптам прыйдзе пагібель да яго; мігам будзе ён знішчаны, і не будзе яму ратунку.
 

Шэсць ёсць рэчаў, якія Госпад ненавідзіць, і сем — агідныя для душы Яго:
 

фанабэрыстыя вочы, ілжывы язык, рукі, што праліваюць кроў бязвінных,
 

сэрца, што задумвае ліхія намеры, ногі — хуткія, калі трэба бегчы да злачынства,
 

таго, хто кажа ману, хлуслівага сведку, і таго, хто сее звадкі паміж братамі.
 

Захавай, сыне мой, пастановы бацькі свайго і не адкідай запавету маці сваёй;
 

павяжы іх назаўжды на сэрца сваё і абвяжы імі шыю сваю.
 

Калі ідзеш, хай яны накіроўваюць цябе, калі заснеш — хай берагуць цябе, а калі прабудзішся — хай гавораць з табой,
 

бо загад — светач, а закон — святло, а перасцярога пры настаўленні — дарога ў жыццё,
 

каб бераглі яны цябе ад ліхой жанчыны і ад ліслівага языка чужой;
 

хай не зажадае сэрца тваё яе прыгажосці, і хай не захопяць цябе яе лёгкія рухі,
 

бо цана распусніцы — толькі кавалак хлеба, а замужняя захоплівае дарагую душу.
 

Ці можа чалавек схаваць агонь сабе за пазуху, каб не загарэлася адзенне яго?
 

Альбо ісці па распаленых вуглях, каб не згарэлі ступні яго?
 

Так адбываецца з тым, хто ходзіць да жонкі блізкага свайго; не будзе чыстым той, хто дакранецца да яе.
 

Не будзе паблажкі злодзею, калі ён будзе красці, каб насыціць душу, што прагне;
 

схоплены — сямікратна верне ён, а таксама аддасць ён усю маёмасць дому свайго.
 

Хто ж чужаложыць з жанчынаю, неразумны той; згубіць душу сваю той, хто робіць гэта.
 

Аб’яднае ён у сабе пакуту і ганьбу, і ганьба яго не спыніцца,
 

бо рэўнасць — лютасць мужа, і не пашкадуе ён у дзень помсты,
 

і не прыме ён ніякага водкупу ад цябе, і не прыме і найвялікшых дароў.