Выслоўяў Саламонавых 8 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
Няўжо гэта не мудрасць усклікае і не разважлівасць падымае голас свой?
На найвышэйшых вяршынях і на дарозе, на сярэдзіне сцежак стоячы,
ля брам пры ўваходзе ў горад, у саміх дзвярах усклікае:
«О людзі, да вас заклікаю, і кліч мой да сыноў чалавечых.
Пазнайце, прастакі, мудрасць, а неразумныя — звярніце ўвагу;
слухайце, бо буду гаварыць пра справы важныя і расчыняцца вусны мае, каб сказаць праўду.
Праўду выкажа горла маё, а вусны мае праклянуць бязбожніка.
Усе размовы вуснаў маіх — справядлівыя, няма ў іх ніякай ілжы і крывадушнасці;
усе яны ясныя для разумных і справядлівыя для тых, хто здабывае веды.
Прыміце настаўленне маё, а не грошы, лепш навучанне, чым адборнае золата.
Бо мудрасць лепшая за самацветы, і ўсё, што жадаеш, не можа параўнацца з ёю.
Я, Мудрасць, жыву з Разважлівасцю і знаходжу дасканаласць ведаў.
Страх Госпадаў — ненавідзець высакамер’е, пыхлівасць, ліхую дарогу, зло, ненавідзець і крывадушныя вусны.
Маё — гэта розум і разважлівасць, разважлівасць — мая, мужнасць — мая.
Праз мяне цары царуюць і валадары выносяць справядлівыя рашэнні;
праз мяне кіраўнікі загадваюць, а магутныя людзі справядлівасць чыняць.
Я люблю тых, хто любіць мяне; і тыя, хто зранку пільнуе мяне, знойдуць мяне.
Са мною — багацце і слава, незнішчальныя скарбы і справядлівасць.
Бо плод мой даражэйшы за золата і золата вышэйшага гатунку, а народжанае мною — за адборнае срэбра.
Я хаджу па дарогах справядлівасці і пасярэдзіне сцежак законнасці,
каб абагаціць тых, хто любіць мяне, і напоўніць іх скарбніцы.
Госпад валодае мною ад пачатку дарог Сваіх, перш чым стварыць што-небудзь, спакон вякоў;
ад вечнасці ўзнікла я і ад старадаўніх часоў, перш чым зямля ўзнікла.
Яшчэ не існавалі бездані, а я ўжо ўтварылася; яшчэ крыніцы не былі цяжкімі ад водаў;
перш, чым узвысіліся горы, раней за ўзгоркі я нарадзілася.
Дагэтуль Ён не стварыў зямлю, і палі, і пачатак зямлі ў сусвеце.
Калі асноўваў нябёсы, я была там, калі цвёрдым законам і кругам абводзіў бездані,
калі воблакі ўстанаўліваў угары, калі ўмацаваліся вытокі бездані,
калі мору вызначаў Ён яго мяжу і водам, каб з рубяжоў сваіх не выходзілі, калі паклаў асновы зямлі,
я разам з Ім усё рашала ў захапленні, гуляючы перад Ім штодзень,
гуляючы па крузе зямлі, і радасці мае — быць з сынамі чалавечымі.
Такім чынам, цяпер, сыны, слухайце мяне: шчасныя тыя, хто зберагае дарогі мае,
слухайце настаўленне і будзеце мудрымі, і не адкідайце яго.
Шчасны чалавек, які слухае мяне, і які штодзень пільнуе пры дзвярах маіх, і хто пільнуе каля вушака дзвярэй маіх.
Хто мяне знойдзе, той жыццё знойдзе і атрымае радасць ад Госпада.
А хто адносна мяне зграшыць, той пакалечыць душу сваю: усе, хто ненавідзіць мяне, — смерць любяць».