Ераміі 42 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
І прыступілі ўсе кіраўнікі войскаў, гэта значыць Ёханан, сын Карэя, і Езанія, сын Асаі, ды ўвесь народ, ад малога да вялікага,
і сказалі прароку Ярэміі: «Хай спадзе наша маленне перад абліччам тваім! Маліся за нас да Госпада, Бога твайго, за ўсю гэтую рэшту, бо засталося нас нямнога з вялікае лічбы, як ты бачыш на ўласныя вочы,
і няхай Госпад, Бог твой, пакажа нам дарогу, якою маем ісці, і што мы маем рабіць».
І прарок Ярэмія адказаў ім: «Я чую. Вось, я памалюся да Госпада, Бога вашага, паводле слоў вашых, і кожнае слова, якім Ён адкажа вам, перакажу вам, і не схаваю ад вас нічога».
А яны сказалі Ярэміі: «Няхай Госпад будзе нам сведкам верным і праўдамоўным, калі мы не будзем рабіць паводле кожнага слова, з якім паслаў цябе да нас Госпад, Бог твой.
Ці будзе гэта добра, ці блага, паслухаемся голасу Госпада, Бога нашага, да Якога цябе пасылаем, каб нам было добра, калі мы паслухаемся голасу Госпада, Бога нашага».
Калі ж мінула дзесяць дзён, было слова Госпада да Ярэміі.
І паклікаў ён Ёханана, сына Карэя, і ўсіх кіраўнікоў войска, якія былі з ім, а таксама ўвесь народ, ад малога да вялікага,
і сказаў ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля, да Якога вы паслалі мяне, каб распасцёр я перад Ім вашу просьбу:
“Калі застанецеся стала жыць у гэтай зямлі, Я адбудую вас і не зруйную, насаджу вас, а не вырву, бо цяпер ахапіў Мяне жаль за тое ліха, якое зрабіў вам.
Не бойцеся цара Бабілона, перад якім вы, нясмелыя, дрыжыце, не палохайцеся яго, — кажа Госпад, — бо Я з вамі, каб вас збавіць і вырваць з рукі яго.
Я дам вам атрымаць міласэрнасць, і ён злітуецца над вамі і дазволіць вам жыць у сваёй зямлі.
А калі вы скажаце: “Не будзем жыць у гэтай зямлі”, ды не паслухаеце голасу Госпада, Бога вашага,
і скажаце: “Не! Мы накіруемся ў зямлю Егіпецкую, дзе не будзем бачыць вайны, і чуць поклічу трубы, і не будзем цярпець голаду, і там будзем жыць”, —
дзеля гэтага цяпер паслухайце слова Госпада, рэшта Юды. Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Калі вы звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў Егіпет, і пойдзеце, каб там качаваць,
дасягне вас там, у зямлі Егіпецкай, меч, якога баіцеся, а таксама голад, якога палохаецеся, будзе спадарожнічаць вам у Егіпце, і там вы паўміраеце.
І людзі, якія звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў Егіпет і там качаваць, памруць ад меча, голаду і пошасці, і ніводзін з іх не застанецца і не ўсцеражэцца ад няшчасця, якое Я навяду на іх”».
Гэта, вось, кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Як ўзгарэўся Мой гнеў і абурэнне Маё на жыхароў Ерузаліма, так узгарыцца Маё абурэнне на вас, калі вы пойдзеце ў Егіпет. І станецеся вы праклёнам, страхоццем, знявагаю і здзекам, і месца гэтага болей не пабачыце».
Слова Госпада да вас, рэшта Юды: «Не ідзіце ў Егіпет». Ведайце добра, што я перасцярог вас сёння,
вы легкадумна наклікалі ліха на сябе, калі пасылалі мяне да Госпада, Бога нашага, кажучы: «Маліся за нас да Госпада, Бога нашага, і паведамі нам усё, што скажа табе Госпад, Бог наш, а мы гэта выканаем».
Дык я пераказаў вам сёння, але вы не слухаеце голасу Госпада, Бога вашага, аб усім тым, з чым Ён мяне паслаў да вас.
Цяпер жа ведайце добра, што паўміраеце ад меча, голаду і пошасці ў месцы, да якога хочаце ісці ды там качаваць.