Лікі 1 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
І ў першы дзень другога месяца, у другім годзе па выхадзе з Егіпта прамовіў Госпад да Майсея ў пустыні Сінай у палатцы сустрэчы, кажучы:
«Пералічыць усю грамаду сыноў Ізраэлевых па родах і па сем’ях іх, і па імёнах — усіх мужчынскага полу:
ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою ізраэльцаў, палічыце іх па дружынах іх, ты і Аарон.
І з кожнага пакалення павінен быць з вамі чалавек, князь дому бацькоў яго,
вось гэтыя імёны: ад Рубэна — Элісур, сын Сэдэура;
ад Сімяона — Саламіэль, сын Сурысадая;
ад Юды — Наасон, сын Амінадаба;
ад Ісахара — Натанаэль, сын Суара;
ад Забулона — Эліяб, сын Гэлона;
ад сыноў Язэпа: ад Эфраіма — Элісама, сын Аміюда; ад Манасы — Гамаліэль, сын Падасура;
ад Бэньяміна — Абідан, сын Гедэона;
ад Дана — Ахіязэр, сын Амісадая;
ад Асэра — Пэгіэль, сын Акрана;
ад Гада — Эліясаф, сын Дэуэля;
ад Нэфталі — Ахіра, сын Энана».
Гэта людзі самыя знакамітыя ў грамадзе, кіраўнікі пакаленняў бацькоў сваіх і кіраўнікі тысяч Ізраэля.
Майсей і Аарон узялі іх, паімённа названых,
і першага дня другога месяца сабралі яны ўсю грамаду, пералічваючы іх па родах іх, і па сем’ях бацькоў іх, і кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй, па кіраўніках,
як загадаў Госпад Майсею. І былі палічаны яны ў пустыні Сінай.
Ад сыноў Рубэна, першароднага Ізраэля — пакаленні па плямёнах і па сем’ях бацькоў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, здатных да бою.
Было налічана з пакалення Рубэна сорак шэсць тысяч пяцьсот.
Ад сыноў Сімяона — пакаленні па племёнах і па сем’ях родаў іх, былі палічаны па імёнах усе людзі мужчынскага полу, ад дваццаці гадоў і вышэй, здатныя да бою.
Было налічана з пакалення Сімяонавага пяцьдзесят дзевяць тысяч трыста.
Ад сыноў Гада — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, здатных да бою,
было налічана сорак пяць тысяч шэсцьсот пяцьдзесят.
Ад сыноў Юды — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,
было налічана семдзесят чатыры тысячы шэсцьсот.
Ад сыноў Ісахара — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,
было налічана пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста.
Ад сыноў Забулона — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,
было налічана пяцьдзесят сем тысяч чатырыста.
Ад сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,
было налічана сорак тысяч пяцьсот.
Ад сыноў Манасы — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,
было налічана трыццаць дзве тысячы дзвесце.
Ад сыноў Бэньяміна — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,
было налічана трыццаць пяць тысяч чатырыста.
Ад сыноў Дана — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,
было налічана шэсцьдзесят дзве тысячы семсот.
Ад сыноў Асэра — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,
было налічана сорак адна тысяча пяцьсот.
Ад сыноў Нэфталі — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою,
было налічана пяцьдзесят тры тысячы чатырыста.
Гэта тыя, каго палічылі Майсей і Аарон разам з дванаццаццю кіраўнікамі Ізраэля, па адным з сям’і бацькоў іх.
І поўны лік сыноў Ізраэля, здатных да бою, па сем’ях бацькоў іх, ад дваццаці гадоў і вышэй,
складаў шэсцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят.
А левіты былі палічаны з імі ў пакаленні бацькоў іх.
І Госпад сказаў Майсею, гаворачы:
«Не лічы пакаленне Леві і не далучай колькасць іх да сыноў Ізраэля,
але даручы ім скінію сведчання, усе яе прылады і ўсё, што патрэбна для рытуалаў. Хай яны носяць скінію і ўсе яе прыналежнасці, і хай будуць пры ёй служыць, і навокал яе хай паставяць палаткі.
Калі трэба будзе пусціцца ў дарогу, хай разбяруць скінію левіты; калі трэба будзе размясціцца лагерам, хай паставяць яе; калі хто з чужых наблізіцца, будзе пакараны смерцю.
Сыны ж Ізраэля хай стануць лагерам: усе на сваім месцы ў лагеры, кожны пад сваім сцягам, пры сваіх дружынах.
А левіты хай паставяць палаткі вакол скініі сведчання, каб не было гневу на грамаду сыноў Ізраэля, і хай яны стаяць на варце скініі сведчання».
Такім чынам, сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што Госпад загадаў Майсею.